https://i.c97.org/ai/380569/aux-head-1590781588-20200529_mogilew_bolnica_360.gif

Магілёўскія мэдыкі абвінавацілі кіраўніцтва ва ўтойваньні зьвестак пра каранавірус

А таксама і ў недаплатах.

Супрацоўнікі магілёўскай бальніцы хуткай дапамогі вінавацяць адміністрацыю ва ўтойваньні зьвестак пра хворых на каранавірус. Акрамя таго, патрабуюць выплаты абяцаных Лукашэнкам надбавак за працу ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Тэкст звароту трапіў да Радыё Свабода.

У лякарні працуе 1500 супрацоўнікаў. Зварот да кіраўніцтва падтрымалі 93 зь іх. Падпісанты сьцьвярджаюць, што пасьля перадачы ліста кіраўніцтву многія пачалі адклікаць подпісы — пад ціскам адміністрацыі.

Чаго дамагаюцца мэдыкі:

Перастаць хаваць факты выяўленьня каранавіруснай інфэкцыі сярод пацыентаў і супрацоўнікаў лякарні.

Пачаць паважаць жыцьцё і здароўе сваіх супрацоўнікаў.

Арганізаваць збор і распаўсюд дадзеных па выяўленых пацыентах з COVID-19, якія знаходзіліся ў лякарні, былі абсьледаваныя, але ім было адмоўлена ў шпіталізацыі, альбо якія былі накіраваныя для лячэньня і шпіталізацыі ў профільныя стацыянары ў пэрыяд ад 1 красавіка 2020 году.

Пачаць выплаты супрацоўнікам, якія кантактавалі з пацыентамі з каранавіруснай інфэкцыяй.

Указаць, калі і ў якіх памерах супрацоўнікі аддзяленьняў пачнуць атрымліваць надбаўкі, гарантаваныя заканадаўчымі актамі. А ў выпадку адмовы даць абгрунтаваны адказ аб прычынах.

«Пра каранавірус у радзільні даведваемся ад калегаў. Начальства маўчыць»

Адкрыта гаварыць пра прэтэнзіі да кіраўніцтва лекары адмаўляюцца. Кажуць пра ціск з боку адміністрацыі ўстановы, у выніку чаго многія калегі ўжо адклікалі подпісы пад зваротам. Некаторыя цьвердзяць, што падпісвалі зварот, не прачытаўшы яго ўважліва, і цяпер пра тое шкадуюць.

Адмовіўся гаварыць і лекар, якога ў бальніцы лічаць ініцыятарам звароту. Гэта малады спэцыяліст, які трапіў у лякарню па разьмеркаваньні.

https://i.c97.org/ai/380569/aux-1590781862-E3AAFDB5-7DCB-4D2C-A114-8BBB2BD8BB3A_w650_r0_s.jpg
Радзільня Магілёўскай бальніцы хуткай дапамогі

У прыватных гутарках мэдыкі адзначаюць, што «апошняй кропляй, якая перапоўніла цярпеньне і вымусіла зьвярнуцца да адміністрацыі, стала сытуацыя з каранавірусам у радзільным аддзяленьні бальніцы хуткай дапамогі».

Паводле іх, на пачатку траўня ў радзільні выявілі першы выпадак захворваньня супрацоўніка на COVID-19. Калі пачалі правяраць ягоныя кантакты, выявілі яшчэ больш за дзясятак заражаных. Сярод хворых таксама былі цяжарныя ды тыя, што ўжо нарадзілі, але заставаліся ў лякарні. Суразмоўцы сьцьвярджаюць, што іх «цішком па адной вывозілі ў магілёўскую бальніцу № 1, якая на час пандэміі перапрафіляваная ў інфэкцыйны шпіталь».

«Пра гэтыя факты мы даведваліся ад калегаў, але не ад начальства. Яно ўтойвае такія зьвесткі. Такая сытуацыя застаецца і па сёньня. Так, баючыся быць заражанымі, мы працуем», — кажа на ўмовах ананімнасьці адзін з мэдыкаў.

Адміністрацыя бальніцы хуткай дапамогі: сытуацыя ў радзільні — унутраныя пытаньні

https://i.c97.org/ai/380569/aux-1590781862-0370BCF0-835A-40C9-A776-6C1EF374C8D3_w250_r0_s.jpg
Старонкі са звароту з патрабаваньнямі супрацоўнікаў бальніцы да адміністрацыі

Пра тое, што каранавірусную інфэкцыю выявілі ў радзільні бальніцы хуткай дапамогі, паведамлялі і раней крыніцы з мэдычнага асяродзьдзя. 6 траўня галоўны ўрач гэтай бальніцы Павал Арахоўскі адмовіўся сустракацца з журналістам. У прыёмнай паведамілі, што кіраўнік лякарні «абмежаваў прыём у сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй у цэлым у краіне».

«Па сытуацыі ў радзільні ніякіх камэнтароў даваць ня будзе ні журналістам, ні каму-небудзь яшчэ, бо гэта ўнутраныя пытаньні», — сказала сакратарка.

20 траўня інтэрнэт-выданьне Mogilev.online апублікавала ліст аднаго з чытачоў, які сьцьвярджаў, што многія з тамтэйшых парадзіх — кантакты першага ўзроўню і што ў іх бяруць абавязаньне выконваць па выпісцы правілы паводзін у самаізаляцыі. Разам з допісам чытач даслаў і падпісаныя дакумэнты.

https://i.c97.org/ai/380569/aux-1590781862-D1D7B9F0-52E2-4397-9767-A4667B019D2D_w250_r0_s.jpg
Са звароту супрацоўнікаў бальніцы да адміністрацыі

29 траўня Павал Арахоўскі адказаў на тэлефоннае пытаньне карэспандэнта Свабоды пра зварот супрацоўнікаў: «Гэтую лухту нават камэнтаваць не хачу. Дзякуй, да пабачэньня».

Мэдыкі: даказаць працу з каранавіруснымі пацыентамі цяжка

Патрабаваньне аб выплаце надбавак падпісанты аргумэнтуюць Указам Лукашэнкі № 131 ад 16 красавіка 2020 году «Аб матэрыяльным стымуляваньні работнікаў аховы здароўя». А таксама пастановаю Міністэрства аховы здароўя ад 20 красавіка 2020 году № 40 «Аб вызначэньні пераліку інфэкцый, за працу ва ўмовах, зьвязаных зь якімі, вызначаная штомесячная надбаўка».

https://i.c97.org/ai/380569/aux-1590781988-DF7F2C09-9883-4CA4-A434-27FB936F4956_w650_r0_s.jpg
Прыёмны пакой бальніцы. Тут спачатку пачалі зьбіраць подпісы пад зваротам да адміністрацыі

У звароце адзначаецца, што «ў пэрыяд з 1 красавіка па 1 траўня ў лякарні было абсьледавана 72 пацыенты», якія накіроўваліся ў іншыя шпіталі гораду з рознымі рэсьпіраторнымі інфэкцыямі і пнэўманіямі.

«Але праз адсутнасьць зваротнай сувязі нам невядома, якой колькасьці быў выстаўлены дыягназ каранавірусная інфэкцыя, — гаворыцца ў звароце. — І, такім чынам, пэрсанал ня мае фізычнай магчымасьці даказаць факт каранавіруснай інфэкцыі».

Мэдыкі дадаюць, што немагчымасьць даказаць кантакт з пацыентам, хворым на COVID-19, не дае ім права разьлічваць на даплату.

Паводле іх, са сьнежня 2019 году ў сувязі зь пераглядам сыстэмы аплаты працы заробак лекара істотна зьменшыўся.

Мэдыкі сьцьвярджаюць, што разабрацца ў тым, як налічваюцца даплаты, няпроста. Згодна з прэзыдэнцкім указам № 131, сума выплат для розных груп мэдычных работнікаў, якія стала працуюць з «ковіднымі пацыентамі», вагаецца ад 1 да 4 тысяч рублёў. Для разавых кантактаў — свае формы разьлікаў.

https://i.c97.org/ai/380569/aux-1590781862-68149A9D-5A9F-4CDC-A34E-8997930B822A_w250_r0_s.jpg
Ліст Ігара Петрышэнкі, які не публікаваўся ў адкрытых крыніцах. Мэдыкі актыўна абмяркоўваюць яго ў закрытых карпаратыўных чатах

Намесьнік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ў лісьце ад 20 траўня міністру аховы здароўя Ўладзімеру Караніку, старшыням аблвыканкамаў і менскага гарвыканкаму адзначаў, што вызначэньне сумаў даплат мэдыкам — «зона пэрсанальнай адказнасьці кіраўнікоў канкрэтных арганізацый аховы здароўя і мясцовых органаў улады і Міністэрства аховы здароўя». Петрышэнка вінаваціў кіраўніцтва Мінздароўя і абласьцей у тым, што тыя не наладзілі сыстэмнай працы па рэалізацыі ўказу № 131.

«Падобны стан рэчаў недапушчальны, — абураецца Петрышэнка. — Прыміце вычарпальныя меры, каб пазьбегнуць сацыяльнай напружанасьці ў калектывах аховы здароўя».

Ён заклікаў урэгуляваць «праблемныя пытаньні» з даплатамі да канца траўня. «Мэдычныя работнікі павінны атрымаць выплаты», — настойвае намесьнік старшыні ўраду.

Кіраўнік абласной арганізацыі прафсаюзу: канфлікту ў бальніцы няма

Па словах мэдыкаў, 27 траўня адбыўся сход калектыву бальніцы хуткай дапамогі Магілёва, дзе начальнік абласнога ўпраўленьня аховы здароўя Аляксандар Старавойтаў заклікаў «больш нічога не пісаць і не падпісваць» і паабяцаў «цалкам выплаціць надбаўкі», як таго патрабуе прэзыдэнцкі ўказ «Аб матэрыяльным стымуляваньні работнікаў аховы здароўя».

Старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу работнікаў аховы здароўя Віктар Суслаў настойвае: у бальніцы няма канфлікту. Нагодай для гутаркі з калектывам сталі дзеяньні аднаго з работнікаў, які абяцаў калегам, што будзе «дамагацца выплат па працы з каранавіруснымі хворымі», і так зьбіраў подпісы. Гэты лекар на сход не прыйшоў, хоць канфэрэнц-заля была поўная ягоных калегаў.

https://i.c97.org/ai/380569/aux-1590781862-ED2FF684-E6F8-4F81-B34C-15FD2BCC7042_w650_r0_s.jpg
Прыёмны пакой радзільні

«Я пагутарыў зь людзьмі. Дамовіліся, што буду мець больш шчыльныя зносіны з калектывам, каб высьветліць нейкія працоўныя моманты, — кажа Віктар Суслаў. — Ніхто не называў (сытуацыю ў бальніцы) канфліктам. Наадварот, казалі людзі, што будуць разьбірацца з гэтым лекарам, які напісаў адно, а на справе паслаў зусім іншую паперу».

Мэдыкі: «Ціск на тых, хто падпісаў зварот, абсалютна чаканы»

Мэдыкі кажуць, што іхныя прэтэнзіі кіраўніцтва ўспрыняло «надзвычай нэгатыўна», бо «баялася паўтарэньня сытуацыі, як у Бабруйску». Там супрацоўнікі станцыі хуткай дапамогі зьвярнуліся з калектыўным зваротам да Лукашэнкі наконт нявыплаты надбавак, а затым не дазволілі здымачнай групе БТ «здымаць прыгожую карцінку» пра тое, як сытуацыя выпраўляецца. Пазьней страціў пасаду кіраўнік станцыі.

«Кіраўніцтва лякарні ўбачыла, што падначаленыя могуць бараніць свае правы, і ад гэтага ім некамфортна», — падсумоўвае адзін з падпісантаў рэзананснага звароту.