Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Хаос як дзіця бескантрольнасці

by

Пачну з дробнага — можа, зусім дробнага. Мы жывем каля чыгункі і часта едзем на дачу ці ў Заслаўе ад блізкай станцыі “Масюкоўшчына”. Чакаючы гарадской электрычкі, я заўважыла неадпаведнасць у часе: гадзіннік над касай у будынку станцыі спяшаўся болей чым на дзесяць хвілін.

Можна перапалохацца, што патрэбны цягнік адышоў, можна не ў час выйсці на перон. “Ды ў іх гэта даўно”, — махнула рукой незнаёмая дачніца.

Указваю на гадзіннік касірцы, а яна мяне яшчэ адчытала: няма ў іх высокай лесвіцы, каб паправіць. “Не каменны век, у кожнага тэлефон пры сабе”.

Тэлефаную на кантактную службу Беларускай чыгункі 151: так і так, гадзіннік маніць, а лесвіцу знайсці не могуць. Праз дні тры атрымліваю адказ: нашы спецыялісты выязджалі, паглядзелі, гадзіннік недакладны на дзве хвіліны. Будзем трымаць сітуацыю на кантролі. Я сумелася. Ну, паправілі, кажу, і добра…

Сама сябе ўгаворваю, што мэта дасягнута, не дарэмна звярталася. Хаджу і думаю: што тут не так? Ага, успомніла! Звычайна паведамляюць, што заяўка выканана.

Заўважце, яны не сказалі, што прынялі меры і арганізавалі лесвіцу. І не сказалі, што касіркі паспелі самі замяніць батарэйкі. (Што мала верагодна.) БЧ ў асобе спецыяліста (так яны сябе велічаюць) начыста адмаўляла сам факт нейкай там хібы ў іх парафіі!

Штосьці падобнае адбылося ў мяне з “Мінсктрансам”, які паўтара гады стаяў насмерць, не прызнаючы няправільную агучку некалькіх мінскіх прыпынкаў у гарадскім транспарце.

А хіба “сацрэалізм” у электронных СМІ і дзяржаўных газетах не наводзіць на думку, што там пазбягаюць усяго, што магло б падпсаваць імідж самага мудрага на планеце кіраўніцтва? Не буду кранаць тэму выбараў, там суцэльны абсурд, якім людзі законна абураюцца.

Вам гэтае татальнае адмаўленне нічога не напамінае?

Гэтак жа ўпарта Лукашэнка адмаўляў небяспеку эпідэміі і ўсіх нас выстаўляў псіхамі, якія насікалі ў штанішкі ад сезоннага віруса. Выходзіць, што вірус непрыняцця горкай праўды таксама заразны, таму і распаўсюдзіўся на ўсіх вялікіх і малых чыноўнікаў.

То соцыум сапраўды ў небяспецы. Сістэма ў сілу сваёй неадэкватнасці скажае рэчаіснасць. Ад несупадзення рэальнага стану рэчаў і яго інтэрпрэтацыі на ўсіх узроўнях кіраўнічай вертыкалі не цяжка ўпасці ў трывожны стан. Свет губляе сваю трываласць, сваю пэўнасць, сваю яснасць. Адчуванне такое, быццам траціш глебу пад нагамі і неадольна спаўзаеш у багну.

Немагчыма ўявіць, колькі нармальных, прыстойных людзей ва ўладзе сапсавана за гэтыя дзесяцігоддзі! Прывучана завышаць (ці, наадварот, заніжаць) паказчыкі, пісаць ліпавыя справаздачы, падрабляць паперы, караць па званку, закрываць вочы на злачынствы… Начальнікі ўпраўленняў, дырэктары заводаў і школ, загадчыкі аддзелаў, старшыні райвыканкамаў, адміністратары медустаноў — хто з іх не займаўся той няўдзячнай справай, якую ў народзе называюць “пускаць пыл у вочы”?

Калі бачнасць стала важней за сутнасць? Калі бяздушная казёншчына падмяла жывыя парасткі жыцця? Калі паперына зрабілася богам, а просты чалавек з яго праблемамі і цяжкасцямі — нулём?

Быў жа водараздзел паміж тым і гэтым, існавала лінія дэмаркацыі. Ёсць адзін маркер. Мяркую, усё пачалося з пустых і дзяжурных адпісак на скаргі і звароты насельніцтва. Тады і замацавалася правіла, што калі ты адпісаўся або адправіў скаргу ніжэй — можна нічога не рабіць. Ніводная праверка не прыдзярэцца (бо і праверка фармальная).

Тыя, у каго “ўсё пад кантролем”, на самай справе не кантралявалі ні блізкіх, ні далёкіх выканаўцаў. Бескантрольнасць параджае хаос і злоўжыванні. І ўсе шляхі вядуць да яе вялікасці Адміністрацыі, якой дазволена ўсё і закон не пісаны.