Лукашэнка жорстка прайшоўся па Бабарыку, Ціханоўскім і Цапкалу
Аляксандр Лукашэнка сёння падчас размовы з работнікамі Мінскага трактарнага завода адказаў на пытанне аб сваіх магчымых сімпатыях да патэнцыйных кандыдатаў на выбарах, перадае БелТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым пакуль што мала ведае людзей, якія вылучыліся. «За выключэннем свайго былога памочніка. Ён, праўда, хітруе. Не гаворыць, чаму яго прэзідэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытаеце — чаму я яго звольніў. Хай шчыра раскажа. І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён шчыра не скажа. Трэба — скажам, але мы не хочам займацца гэтым кампраматам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка адзначыў тое, як арганізаваны працэс збору подпісаў у патэнцыйных кандыдатаў — жанчын: «Яны ціха, спакойна збіраюць гэтыя подпісы. Нядаўна пацікавіўся — гэтыя жанчыны сабралі больш подпісаў, чым усе мужыкі, якія ў інтэрнэце піярацца».
«Мужыкі там мітусню паднялі, дзесьці хтосьці ходзіць, крычыць. Нядаўна мне прэс-сакратар далажыла: міліцыянера абразіў (удзельнік пікету. — Заўв. БЕЛТА), калі яму зрабіў заўвагу. Яны прыязджаюць зухаватыя, на джыпах усе — па 10-12 машын. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі па плошчах, вуліцах…», — сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе Ціханоўскага.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка сёння звярнуў увагу на артыкул у расійскім выданні «Коммерсант». «Гэта нібыта незалежная газета ў Расіі. Але мы ведаем, хто яе фінансуе… Нібыта інтэрв'ю бярэ ў аднаго шалудзівага, інакш на назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Мінску больш, ды і ў іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх машынах ён ездзіць, хто яго фінансуе. Мы ведаем, адкуль ён прыехаў, якое ў яго грамадзянства і іншае… Мы ўсё гэта ведаем. Ды я ўжо гляджу, мне даюць інфармацыю, ужо нашы людзі ўбачылі», — адзначыў Лукашэнка.
«Гляджу на гэты артыкул. І ўжо вушы тырчаць у гэтага чалавека. Ён [Сяргей Ціханоўскі — заўв. НН] нават не кандыдат у прэзідэнты, за жонку [Святлану Ціханоўскую — заўв. НН] там дбае. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі. Вось я часта кажу: Наталля Іванаўна [Качанава — заўв. НН], за цябе таксама не прагаласавалі б, хоць ты гатовы ўжо прэзідэнт. У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не выспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас прэзідэнт — не Літва. Там прэзідэнт, была Даля Грыбаўскайце, прыйшла, паўсміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парламенцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзідэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы».
«Вось «Коммерсант» выбухнуў артыкулам. Паспяшаліся, праўда. Паказалі, адкуль вушы тырчаць. Нават цэлыя рогі. Паспяшаліся падтрымаць. Натуральна, накат на Лукашэнку з ухілам на пандэмію (не так лечым)», — дадаў кіраўнік Беларусі.
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?