Вяртанне «Мінска» з каранціну і брэсцкае дэрбі. Што цікавага будзе ў наступным туры вышэйшай лігі
Пакуль еўрапейскі футбол сядзеў на самаізаляцыі, у Беларусі паспела прайсці траціна сезона, найцікавейшага за апошнія гады.
by Піліп Каваленка
Разам з Букмекерскай канторай Леон мы працягваем асвятляць чэмпіянат Беларусі па футболе.
Якія можна зрабіць высновы на гэтай стадыі? Па-першае, сёлетняе брэсцкае «Дынама» не здольнае зноў выйграць чэмпіянат: леташнія лідары не цягнуць, Мілеўскі не маладзее, а Сяргей Кавальчук не змог замяніць Марцэла Лічку.
Імпульс берасцейцам мог надаць выйгрыш Кубка Беларусі, але ў фінале «Дынама» прайграла БАТЭ. Прытым вельмі крыўдна, ажно на 121-й хвіліне, калі ўсе ўжо падрыхтаваліся да серыі пенальці.

Па-другое, спад абодвух «Дынама» і «Шахцёра» дазволіў стаць цёмнымі кабылкамі «Энергетыку-БДУ» і «Тарпеда-БелАЗ». Некаторы час у лідарах ішоў і «Слуцк», але тры матчы без перамог адкінулі случчакоў на пяты радок.
Трэцяе — ужо на такой кароткай стадыі сфармавалася пара аўтсайдараў. «Белшына» і «Смалявічы» набралі ўсяго 3 і 4 балы адпаведна, не зведаўшы смаку перамог. Да таго ж каманда з Мінскай вобласці дагэтуль не можа гуляць на сваім полі, а таксама перажывае фінансавыя праблемы. Таму на пазітыўныя зрухі пакуль разлічваць не варта.
Вось як скончыліся матчы дзясятага тура:
- «Дынама-Брэст» — БАТЭ 1:3 (40, Мілеўскі — 31, Драгун; 74, Няхайчык; 80, Міліч)
- «Нёман» — «Тарпеда-БелАЗ» 3:1 (43, Расадкін; 70, Жукоўскі (п); 90, Марушыч — 10, Юсаў)
- «Славія» — «Гарадзея» 1:1 (61, Чухлей (п) — 30, Ясковіч)
- «Шахцёр» — «Белшына» 4:0 (21, Бегуноў; 78,81, Падстрэлаў; 88, Бодул)
- «Слуцк» — «Рух» 1:1 (81, Сямёнаў — 88, Васільеў (п))
- «Іслач» — «Энергетык-БДУ» 1:2 (27, Біток (п) — 13, Яхшыбоеў (п); 92, Юдчыц)
- «Віцебск» — «Дынама-Мінск» 1:1 (19, Нікалаеску — 5, Бахар)
ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА
А цяпер пераходзім да матчаў наступнага тура, якіх, нарэшце, зноў будзе восем.
«Тарпеда-БелАЗ» — «Смалявічы»
- 29.05, 18:00. Жодзіна, стадыён «Тарпеда».
- Каэфіцыенты: «Тарпеда» (перамога) — 1.71; нічыя — 3.90; «Смалявічы» (перамога) — 5.55.
Тур адкрыюць геаграфічныя суседзі. «Смалявічы» на мінулым тыдні не гулялі праз каранцін у «Мінску». Магчыма, паўза магла неяк пазітыўна паўплываць на фізічны стан і маральны настрой каманды.
Жодзінцы прайгралі ў Гродне і паадставалі ад вяршыні табліцы. Гульня з аўтсайдарам — добрая нагода вярнуць страчанае. Тэсты на каранавірус у гульцоў «Тарпеда» паказалі адмоўны вынік, таму, магчыма, дасведчаныя лідары — Бардачоў, Хачатуран, Бушма — змогуць дапамагчы камандзе ў пятніцу.
Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда».
«Гарадзея» — «Нёман»
- 29.05, 20:00. Стадыён «Гарадзея».
- Каэфіцыенты: «Гарадзея» (перамога) — 3.30; нічыя — 3.30; «Нёман» (перамога) — 2.42.
Складаны матч для прагнозаў. «Гарадзея», якая перажывае фінансавыя цяжкасці, не можа перамагчы вось ужо пяць тураў, гэта адкінула каманду на дванаццаты радок.

Следам за імі знаходзіцца якраз «Нёман», але гродзенцы вельмі слаба гуляюць у гасцях: 1 бал з 12 магчымых і ўсяго 1 забіты мяч.
Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.
«Белшына» — «Славія»
- 30.05, 17:00. Бабруйск, стадыён «Спартак».
- Каэфіцыенты: «Белшына» (перамога) — 3.01; нічыя — 3.22; «Славія» (перамога) — 2.65.
Яшчэ адна гульня каманд, якім вельмі трэба выпраўляць сваё турнірнае становішча.
У «Славіі» ўсяго адна перамога ў сямі апошніх турах. Бабруйчане наогул яшчэ не перамагалі ў сезоне, у папярэднім туры трапіўшы пад салігорскі каток.
Цікава, што ў чэмпіянатах Беларусі «Белшына» і «Славія» не сустракаліся вось ужо чатыры гады, а мазырчукі не могуць выйграць у бабруйчан ажно з 2012 года.
Прагноз «НН»: нічыя.
«Дынама-Мінск» — «Шахцёр»
- 30.05, 19:00. Мінск, стадыён «Дынама».
- Каэфіцыенты: «Дынама» (перамога) — 3.27; нічыя — 3.31; «Шахцёр» (перамога) — 2.43.
Матч з самай цікавай афішай у гэтым туры, нягледзячы на тое, што каманды займаюць не найвышэйшыя радкі. Мінчукі наогул пакуль дзясятыя, а ў Леаніда Кучука не атрымліваецца знайсці падыходы да сваёй каманды.

«Шахцёр» жа паўтара месяца не прайграе і змог падняцца на чацвёрты радок. У салігорцаў найлепшая абарона ў лізе — усяго тры прапушчаныя мячы ў дзесяці турах. Патэнцыял у гэтай каманды вельмі вялікі.
Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».
«Энергетык-БДУ» — «Віцебск»
- 31.05, 16:00. Маладзечна, гарадскі стадыён.
- Каэфіцыенты: «Энергетык» (перамога) — 2.20; нічыя — 3.37; «Віцебск» (перамога) — 3.70.
Цікавыя расклады: у «студэнтаў» выдатная серыя з чатырох перамог запар. Апошняя атрымалася асаблівая эмацыйнай — вырашальны гол у браму «Іслачы» быў забіты на 92-й хвіліне і атрымаўся вельмі прыгожым.
У «Віцебска» ж сітуацыя незайздросная: пяць матчаў без перамог, тры нічые ў трох апошніх турах. Але хлопцы Ясінскага змаглі адабраць балы ў «Шахцёра» і мінскага «Дынама», таму спісваць з рахункаў паўночную каманду не варта.
Прагноз «НН»: «Віцебск» не прайграе.
БАТЭ — «Іслач»
- 31.05, 18:00. «Барысаў-Арэна».
- Каэфіцыенты: БАТЭ (перамога) — 1.33; нічыя — 5.55; «Іслач» (перамога) — 11.50.
Эксперты дарма не вераць у перспектывы «Іслачы» ў гэтым матчы. Так, БАТЭ цяпер на кані, а ў «Іслачы» вялікія кадравыя праблемы.
Але варта згадаць, што «ваўкі» — вельмі нязручны супернік для барысаўцаў. Летась «Іслач» пакінула БАТЭ без кубка, а ў чэмпіянаце два сезоны запар забірала 4 з 6 магчымых балаў. Летась гэта каштавала «жоўта-сінім» чэмпіёнства.
Пасля паразы ад «Энергетыка» Віталь Жукоўскі абвясціў, што гэты сезон будзе для яго апошнім у якасці трэнера «Іслачы». Гэта ўжо не першы раз, калі Жукоўскі збіраецца сыходзіць, але ў папярэднія разы ён так гэтага і не зрабіў. Імаверна, калі сітуацыя наладзіцца, то трэнер зменіць сваю думку, але не самы прыгожы ход ад «важака» ў няпросты для каманды час.
Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.
«Рух» — «Дынама-Брэст»
- 31.05, 20:00. ДАСК «Брэсцкі».
- Каэфіцыенты: «Рух» (перамога) — 4.65; нічыя — 3.65; «Дынама» (перамога) — 1.89.
Наўрад ці нехта мог падумаць, што перад першым брэсцкім дэрбі ў чэмпіянаце «Рух» будзе вышэй за «Дынама» ў табліцы. Так, пасля нічыёй у Слуцку каманда Сяднёва абышла чэмпіёнаў на адзін бал.
На мінулым тыдні ў «Дынама» было два энергазатратныя матчы супраць БАТЭ, абодва берасцейцы прайгралі. Да дэрбі чэмпіёны падыходзяць не ў найлепшым фізічным і эмацыйным стане.
Прагноз «НН»: перамога «Дынама».
«Мінск» — «Слуцк»
- 01.06, 18:00. Мінск, стадыён «Трактар».
- Каэфіцыенты: «Мінск» (перамога) — 3.16; нічыя — 3.60; «Слуцк» (перамога) — 2.34.
«Мінск» нарэшце вяртаецца з каранціну, але, каб мінчукі паспелі набраць форму, матч быў ссунуты з суботы на панядзелак.
Для «Слуцка» гэта неблагі шанец зноў перамагчы. Да канца першага кола ў случчакоў даволі спрыяльны каляндар, таму прагназуем, што яны яшчэ будуць трымацца ў верхняй частцы табліцы.
На гэтым тыдні з'явілася інфармацыя, нібыта Алег Дулуб стане новым трэнерам «Мінска». Пакуль клуб гэта абвяргае, але Андрэю Разіну варта хутка выпраўляць турнірнае становішча каманды.
Прагноз «НН»: «Слуцк» не прайграе.
У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.
Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?