Зінаіда Бандарэнка: Няма ў беларусаў «намагання да змагання», каб пастаяць за сваё
by Ігар Карней, Радыё Свабода«Я абураная той сытуацыяй, у якую Лукашэнка загнаў Беларусь. Што пасяўная, што выбары, што каранавірус — усё «я» вырашаю, як захачу, так і будзе. Маўляў, «народзец» дурны, нічога не разумее… Калі будзем і далей трываць, то сапраўды грош нам цана». Народная артыстка Зінаіда Бандарэнка распавяла Радыё Свабода пра хваробу нацыі, супастаўную з пандэміяй.
Хоць апошнюю чвэрць стагодзьдзя Зінаіда Бандарэнка не зьвязаная зь Беларускай тэлевізіяй, яна дагэтуль застаецца самым пазнавальным яе тварам. Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х знайшла ў сабе сілы раскрытыкаваць выбранага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку за наступ на асноватворныя правы і свабоды, за што пазбавілася пачэснага прафэсійнага статусу.
Амаль чатыры дзясяткі гадоў, аддадзеных любімай справе, новая ўлада перакрэсьліла адным махам. Разам з тузінам знакавых праграмаў, якія асацыяваліся зь ёй у якасьці вядоўцы: «Песьню бярыце з сабой», «Калыханка», «Запрашаем на вячоркі», «Чырвоныя гвазьдзікі», «Блакітны агеньчык», «Яшчэ ня вечар» і г. д. Зрэшты, заўсёднае вітаньне «Гаворыць і паказвае Мінск!» засталося сымбалем цэлай эпохі.
Летась 25 красавіка Зінаіда Аляксандраўна адзначыла 80-гадовы юбілей, пасьля складанай апэрацыі з пратэзаваньнем каленнага суставу зноў вярнулася да паўнавартаснага жыцьця. Свабода пацікавілася, ці адбілася пандэмія каранавірусу на звыклым ладзе яе сям’і, ці паўсталі дадатковыя нязручнасьці.
Творчыя соткі праз плот ад рэзыдэнцыі Лукашэнкі
Звычайна ў гэты час яны з мужам Генадзем Кап’ёвым на ўвесь сэзон выбіраліся на лецішча ў Астрашыцкім Гарадку пад Менскам — соткі творчых работнікаў акурат суседнічаюць з жылой рэзыдэнцыяй сям’і Лукашэнкі. Але цяпер наваліліся іншыя клопаты — дзеля справядлівасьці, з каранавірусам наўпрост не зьвязаныя.
«Асабліва няма часу на нешта іншае — вельмі хворы муж, неабходны пастаянны дагляд. Таму вымушана застаёмся ў горадзе. Чакаем, калі доктар прыйдзе, якія прызначыць лекі і г. д. Досыць сумныя клопаты. У кожнага старасьць праходзіць па-свойму, у нас вось такім чынам. Пакуль яшчэ ёсьць крыху моцы, вакол яго бегаю, а потым ужо ня ведаю, хто будзе ўвіхацца ля мяне», — ня траціць самавалоданьня жанчына.
На лецішчы цяпер гаспадарыць іхны малодшы сын Валодзя, для траіх унукаў — Марыі і двайнятак Афанасія і Ціхана — там раздольле. Яшчэ адна ўнучка Марыя (ад старэйшага сына Аляксандра) ужо дарослая, замужам. З улікам пандэміі кантакты зь імі зьвялі да мінімуму — прыкра, але гэта той выпадак, калі лепей перастрахавацца, чым потым шматкроць пашкадаваць.
«Мы ўжо амаль год на лецішчы не былі, там сын з унукамі, ёсьць дзе разгуляцца. Я вельмі люблю свой дамок, але цяпер гэта нерэальна — больш чым на гадзіну Генадзя не магу пакінуць. Так, на жаль, склалася. Плюс каранавірус. Не таму, што «псыхоз». Проста трэба сьцерагчыся: хвароба невядомая, ход яе непрыемны. І дзеці засьцерагаюцца, каб выпадкова не занесьці чаго бабе зь дзедам. Я шчасьлівая, што пакідаем ім такі цудоўны куточак. Невыпадкова цяпер многія паглядаюць, каб вырвацца за горад, набыць вясковае жытло, вярнуцца да зямлі».
Зінаіда Аляксандраўна кажа, што зь яе боку легкадумнае стаўленьне да каранавірусу выключанае, таму ня ўтойвае абурэньня тым, што зусім іншае дэманструюць улады, фактычна сілком выганяючы людзей на суботнік ды парад, а цяпер яшчэ анансуючы Дзень Незалежнасьці ды «Славянскі базар»
«Мы ўсе захады засьцярогі выконваем — акурат вось маску кінула ў ванну, трэба абавязкова мыльцам выпаласкаць, — кажа яна. — І рукі рэгулярна мыем, і антысэптыкамі карыстаемся. Прынамсі легкадумна ня ставімся, кшталту «пранясе». А наогул і маральна, і фізычна трэба падрыхтавацца, што яшчэ доўга той вірус будзе побач з намі, давядзецца нейкім чынам суіснаваць. Ну што паробіш? Столькі людзі зьдзекаваліся з прыроды, вось яна нам адпомсьціла. За ўсё даводзіцца плаціць…»
У мэдыцыне Зінаіда Бандарэнка не дылетант. Яна зь лекарскай сям’і, у яе працоўнай біяграфіі такі досьвед таксама меў месца.
Ад акушэркі да тэлевізійнай зоркі
Зінаіда Бандарэнка нарадзілася незадоўга да Другой усясьветнай вайны ў Менску, у сям’і хірурга і сялянкі. Калі ў першыя дні чэрвеня 1941-га горад пачалі абстрэльваць, бацька быў на дзяжурстве, а маці з маленькімі сынам і дачкой пабеглі ў бамбасховішча. Калі вярнуліся, ад іх інтэрнату побач з вакзалам нічога не засталося. А неўзабаве адна з мэдсясьцёр сказала, што ў апэрацыйную шпіталя трапіў снарад, усе загінулі.
У выніку Аляксандар Бандарэнка вырашыў, што страціў сям’ю пад руінамі, а яны былі ўпэўненыя, што таксама зь ім разьвіталіся. Тым часам шпіталь разам з пэрсаналам эвакуавалі, а мама Марыя зь дзецьмі Зінай і Ігарам пешшу рушыла на Палесьсе, на сваю радзіму. За гэты мацярынскі подзьвіг дачка пазьней аддзякавала надпісам на помніку: «Дзякуй, матулечка, за зьберажонае жыцьцё».
Жылі спачатку ў сваякоў у вёсцы Ўборак на Лоеўшчыне, потым пераехалі ў Гомель. Бацька знайшоўся толькі па вайне: дайшоў з вайсковым шпіталем да Бэрліну, у яго ўжо была іншая сям’я. Але сваім дзецям спраўна дапамагаў.
Яшчэ ў школе Зіна захапілася тэатрам, займалася ў драматычным гуртку. Аднак пасьля 10-й клясы з падачы таты, які ў той час быў галоўным лекарам сухотнага шпіталя, паступіла ў мэдвучэльню.
Адначасова займалася ў тэатральнай студыі Палаца культуры пад кіраўніцтвам рэжысэра Гомельскай тэлевізіі Сяргея Астравумава — «тэлеіндустрыя» ў абласным цэнтры зьявілася ў 1954 годзе, нават раней, чым у Менску. Быў абвешчаны конкурс на дыктараў. Астравумаў параіў 20-гадовай мэдсястры паспрабаваць сябе, хоць яна і рыхтавалася паступаць у мэдынстытут.
У той жа час насьпелі зьмены і ў сямейным жыцьці. У музычнай камэдыі «Любоў і бульба» яе заўважыў малады канструктар заводу «Гомсельмаш» Генадзь Кап’ёў. Заваяваў сэрца артысткі, яны пажаніліся.
Конкурс і іспыты ў мэдвучэльні ішлі паралельна. Нават паспрабавала сябе ў ролі акушэркі, прымала роды. Але ўжо тады антураж тэлестудыі ўразіў, пасеяўшы першыя сумневы наконт мэдычнай будучыні.
Пакуль не было рэтрансьлятараў, супрацоўнікі абласных студый прыяжджалі ў Менск са сваімі праграмамі. І пасьля дня Гомельскай вобласьці кіраўнік БТ Васіль Несьцяровіч прапанаваў дыктарцы-практыкантцы месца ў сталіцы. Тая ўжо была цяжарная і, пасаромеўшыся прызнацца, прыкрылася тым, што «патрыётка свайго гораду».
Нарадзіўся сын Саша, сям’я жыла ў бараку без выгод, у адным пакоі з маці. У Гомлі надзеі на паляпшэньне жыльлёвых умоваў не было. І тады Генадзь Кап’ёў падчас службовай выправы ў Менск праявіў ініцыятыву: дайшоў да Несьцяровіча і нагадаў аб прапанове ягонай жонцы. У 1963 годзе яны пераехалі ў сталіцу.
На лекарскіх плянах быў пастаўлены крыж, да мэдынстытуту справа не дайшла. Затое распачаўся насычаны тэлевізійны этап: навучаньне ў школе дыктараў у Маскве, выпускі навінаў, вядзеньне канцэртаў, стажаваньне па ўсім Савецкім Саюзе. Неўзабаве нарадзіўся другі сын, Валодзя. Пакуль мама разьяжджала па службовых стажах, хлопчыкаў дапамагала даглядаць маці Генадзя. Старэйшага Аляксандра ня стала ў 42 гады: ён быў лётчыкам грамадзянскай авіяцыі, але хварэў на дыябэт, урэшце ня вытрымала сэрца.
Выбары як шанец выбрацца з багны дыктатуры
За хатнімі клопатамі Зінаіда Аляксандраўна пасьпявае сачыць за стартам прэзыдэнцкай кампаніі. І яе даводзіць да адчаю, як многія беларусы бязвольна гатовыя працягнуць жыцьцё дыктатуры.
«Нават зьбіралася пісаць зварот да беларусаў, каб зноў ня трапілі ў пастку. Ужо анэкдатычная сытуацыя, хоць зусім ня сьмешна. Увесь сьвет шакаваны, як добраахвотна аддаём сябе ў закладнікі. На жаль, з выказваньняў нашых людзей адчуваю, што многія, нават маладыя, разводзяць рукамі: а хто яшчэ? Замест таго, каб раскінуць мазгамі, зірнуць, што годных людзей дастаткова. Нават сярод тых 14, якія супрацьстаяць Лукашэнку. Няўжо нельга выбраць таго, хто нарэшце абразуміў бы шматпакутную Беларусь? Хай атрымаецца не адразу, гуртам дапамагалі б. Толькі б вырвацца з багны, у якую зацягнула гэтая ўлада».
З цяперашнім рэжымам у Зінаіды Аляксандраўны ўласныя рахункі. У якасьці прымы беларускай тэлевізіі яна перажыла многія этапы закручваньня гаек і адліг.
Як ні дзіўна, сапраўдным росквітам сталі «застойныя» 1970-я, калі старшынём Дзяржаўнага камітэту БССР тэлевізіі і радыёвяшчаньня быў Генадзь Бураўкін. Бескампрамісна патрабаваў, каб яно было сапраўды беларускім, з чым даводзілася мірыцца нават тым, хто першапачаткова такім крокам супраціўляўся.
У 1977 годзе Зінаіда Бандарэнка стала заслужанай артысткай, у 1985-м атрымала званьне народнай артысткі Беларусі. А ў 1996-м правяла свой бэнэфіс у Доме афіцэраў і нечакана для ўсіх пакінула працу.
Незадоўга да таго Лукашэнка вырашыў аддзячыць журналістам за падтрымку на рэфэрэндуме, які значна пашырыў ягоныя паўнамоцтвы. Тагачасны старшыня Белтэлерадыёкампаніі Рыгор Кісель азадачыў прамовай кіраўніцу групы дыктараў і старшыню «жаночага савету».
Бандарэнка выступала апошняй і панаракала, што, як прыйшла новая ўлада, пачалі выціскаць прафэсіяналаў. Лукашэнка нібыта стрымаўся, толькі пакпіў, што, гаворачы па-беларуску, тая стварае сабе імідж. А вось ён і без таго «ўвасабленьне народу».
Адразу пасьля гэтага пачаўся ціск, ігнараваньне. Тагачасны «сэнатар» Міхаіл Фінберг, у аркестры якога яна паралельна працавала вядоўцай, прынёс навіну з Нацыянальнага сходу: рыхтуецца загад на звальненьне. Каб не даводзіць сытуацыю да абсурду, народная артыстка сама напісала заяву «паводле ўласнага жаданьня». Беларус бязь гена «намаганьня да змаганьня»
«Вось ужо чвэрць стагодзьдзя зьдзекуемся самі зь сябе, — працягвае Зінаіда Бандарэнка. — Зрэшты, спрадвеку так: ай, як Бог дасьць, так і будзе. Паводле такога прынцыпу людзі і жывуць. Няма ў беларусаў, як той казаў, намаганьня да змаганьня, каб пастаяць за сваё. Калі ўжо не за сваю долю, дык хоць бы за лёс дзяцей і ўнукаў. Я проста абураюся той сытуацыяй, у якую Лукашэнка загнаў Беларусь. І пасяўная, і выбары, і каранавірус — усё «я» вырашаю, як захачу, так і будзе. А «народзец» такі дурны, што нічога не разумее. І калі будзем далей трываць, сапраўды грош нам цана…»
Суразмоўцу засмучае, што на пярэднім краі прапаганды за дыктатуру — яе колішнія калегі. Пры тым, што сёньня ўжо няма ні беларускай тэлевізіі як такой, ні паўнавартасных нацыянальных каналаў. Працоўная мова расейская, сэрыялы — маскоўскія, інфармацыйны кантэнт усё бліжэйшы да паўночнакарэйскага. А такога паддобрываньня да правадыра не было нават у «махровыя» камуністычныя часы, сьцьвярджае Зінаіда Бандарэнка.
«Неверагодны сорам, — канстатуе яна. — Не аспрэчваю: мы калісьці таксама сьпявалі панэгірыкі кіраўнікам, але нават тая ўлада не была такой нахабнай, як цяпер. Усё ж дэманстравалі больш паважлівае стаўленьне да людзей, не ператваралі тэлевізію ў зборышча замбаваных прапагандыстаў. Цяпер жа глядзець немагчыма! Дарэчы, мне здаецца, што сыны Лукашэнкі дзесьці ў глыбіні маюць рэшткі сораму за бацьку. Ну нельга ж так: шосты тэрмін! І зноў пагоняць маўклівым кагалам на выбарчыя ўчасткі, каб прагаласавалі за «незаменнага» ».
Зінаіда Аляксандраўна перакананая, што ня варта рабіць уладзе падарунак у выглядзе байкоту выбараў. Толькі дэманстрацыя ўласнай пазыцыі здольная паказаць, што беларускі народ стаміўся ад такой улады і дамагаецца дэмакратычных зьменаў.
«Неабходна галасаваць, байкот ні да чога не прывядзе, — паўтарае яна. — Наадварот, бяз выбарнікаў Ярмошынай будзе толькі прасьцей ператварыць пустыя бюлетэні ў тое, што патрэбна яе начальніку. Таму важна прагаласаваць за людзей, якія хочуць зьменаў для Беларусі. Байкот не паратунак, бязьдзеяньнем уладу не напалохаеш. Ня той шлях, каб пазбавіцца ад Лукашэнкі. А вось актыўная пазыцыя — справа іншая. Ісьці і аддаць свой голас — за Губарэвіча, Казлова, іншых годных прэтэндэнтаў, у чым праблема? Сапраўдная праблема — гэта тое, у чым мы ўжо апынуліся».
Пакінуўшы тэлевізійны калектыў, Зінаіда Бандарэнка не сышла ў падпольле, наадварот, яе пазыцыя стала яшчэ больш выразнай. У 2008 годзе яна стала сябрам нацыянальнага камітэту Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Мае досьвед выбарчых кампаній: спынілася на стадыі рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы на парлямэнцкіх выбарах у 2004-м; уключалася ў склад акруговай камісіі на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў у 2008-м; вылучалася ў тэрытарыяльную камісію на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году; уваходзіла ў ініцыятыўную групу для вылучэньня на той момант Міколы Статкевіча на прэзыдэнцкіх выбарах 2015-га. Была вядоўцай шматлікіх культурных імпрэзаў, якія ладзіла дэмакратычная супольнасьць.
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?