Onliner
Блазан Уленшпігель і яго асёл Арыген. Галоўны еўрапейскі раман у кніжным аглядзе Onliner
by Наста Карнацкая, Сяргей БеражныКнігавыданне Беларусі амаль застыла. Кніжныя фестывалі, прэзентацыі, офлайн-сустрэчы адменены ці, паводле аптымістычных прагнозаў, перанесены на восень. Вольны час на самаізаляцыі найперш захапілі кіно і музыка. Не трэба забываць пра кнігі. Тым больш што ўжо з’явілася галоўная кніга гэтага года. Выданне, паводле якога Netflix вось-вось здыме серыял.
Даніэль Кельман «Тыль»
(Выдавецтва «Янушкевіч»)
Такой кнігай года, у тым ліку па-беларуску, і з’яўляецца раман «Тыль». Нямецка-аўстрыйскі пісьменнік напісаў чарговы бестселер. Яго кніга «Вымярэнне свету» стала самай прадаванай нямецкамоўнай кнігай з часоў выхаду «Парфумы» Патрыка Зюскінда ў 1985 годзе. «Тыль» жа б’е рэкорды па продажах ужо і ў англамоўным свеце.
Загаловак твора адсылае нас да імені знакамітага героя сярэднявечнага нямецкага фальклору Тыля Уленшпігеля. Згодна з легендамі гэты персанаж нібыта жыў у XIV ст., шмат вандраваў па Германіі, Бельгіі, Нідэрландах і памёр ад чумы.
Кельман перанёс Тыля на два стагоддзі наперад, зрабіўшы фонам для свайго твора падзеі Трыццацігадовай вайны (1618—1648). Вайна пачалася як рэлігійнае супрацьстаянне паміж пратэстантамі і каталікамі, але перарасла ў барацьбу супраць дамінавання ў Еўропе дынастыі Габсбургаў.
Праз спустошаныя вайной нямецкія землі перасоўваецца вандроўны артыст і штукар Тыль Уленшпігель. Ён быў вымушаны збегчы з дому яшчэ малым і цяпер вандруе па Еўропе і выступае перад людзьмі разам са сваімі спадарожнікамі: дзяўчынай Нэле і аслом Арыгенам. Кельман абраў у якасці галоўнага персанажа менавіта такога блазна, каб мець магчымасць паказваць краіну ў стане вайны з розных бакоў: як вачыма простых людзей, так і вачыма манархаў. Тыль звязвае абодва гэтыя светы і праводзіць чытачоў праз увесь сюжэт. Кожны персанаж твора мае свой погляд на падзеі, на жыццё вакол і на вайну. І часта менавіта несупадзенне гэтых поглядаў становіцца прычынай для іх канфліктаў.
Раман падзелены на часткі, голасам якіх з’яўляюцца розныя персанажы. У гэтым творы гісторыя мяшаецца з містыкай і магіяй, дапаўняючыся сакавітымі фальклорнымі і фэнтэзійнымі элементамі.
Сёлета раман «Тыль» трапіў у кароткі спіс прэстыжнай міжнароднай Букераўскай прэміі. Яе ўручаюць за найлепшы твор, які быў выдадзены ў Вялікабрытаніі і Ірландыі ў перакладзе на англійскую мову. Эпідэміялагічная абстаноўка прымусіла арганізатараў перанесці ўручэнне прэміі з 19 мая на лета, таму Даніэлю Кельману і яго чытачам давядзецца яшчэ крыху пахвалявацца. Магчыма, дзякуючы беларускаму перакладу, зробленаму Вольгай Гронскай, да часу ўручэння прэміі прыхільнікаў у гэтага аўтара паболее за кошт чытачоў з Беларусі.
У беларускім кнігадрукаванні, на жаль, нячаста здараюцца выпадкі, калі еўрапейскія бестселеры выходзяць раней, чым у суседніх краінах, — у Расіі, Польшчы, Украіне раман «Тыль» яшчэ не пераклалі. Таму кожны выхад такой кнігі — падзея.
Купіць кнігу
Януш Леон Вішнеўскі «Канец адзіноты»
(Выдавецтва «Янушкевіч»)
Дваццаць гадоў таму хімік з Польшчы напісаў раман, які прынёс яму папулярнасць у сваёй краіне, але не меншую вядомасць ён заваяваў на рускамоўнай прасторы нашага рэгіёна. Януш Леон Вішнеўскі напісаў «Адзіноту ў сеціве» — праніклівы раман пра адносіны ў часы існавання інтэрнэт-чатаў. Кніга была экранізавана.
На славе ад першага рамана Вішнеўскі трымаўся пэўны час, выпускаючы не такія заўважныя кнігі. Хоць яго прыезды ў Беларусь заўжды суправаджаюцца вялікай колькасцю слухачоў на сустрэчах, але ўсе пытанні круцяцца вакол адной тэмы — стасункаў мужчын і жанчын.
Каб вярнуць былую славу, як выглядае, Януш Леон і напісаў «Канец адзіноты». Гэта сіквел — працяг яго самага вядомага рамана.
«Канец адзіноты» — гэта гісторыя з героямі першай кнігі, але праз дваццаць гадоў. За гэты час з’явілася моладзь, Якуб і Надзя, якая дзеліць першынство галоўных дзеючых асоб з пакаленнем сваіх бацькоў. Хлопец і дзяўчына знаёмяцца дзякуючы інтэрнэту. Ім па дваццаць, і яны ўжо паспяховыя ў абраных галінах. Іх маладое каханне развіваецца імкліва. У кожнага, праўда, свае шкілеты ў шафе…
У рукі Надзі трапляе кніга, у галоўнай гераіні якой дзяўчына пазнае маці каханага. А гісторыя, расказаная аўтарам, звязана з тым, што бацькам Якуба можа быць не той чалавек, які побач з ім жыве. І Надзя пачынае ледзь не дэтэктыўнае расследаванне, каб пра ўсё дазнацца. На фоне гэтай сюжэтнай лініі Вішнеўскі звяртаецца да тэмы стасункаў паміж мужам і жонкай у сярэднім веку. Што становіцца з пачуццямі сужэнцаў праз дзесяцігоддзі шлюбу? Ці правільны выбар яны зрабілі ў мінулым?
У кнізе, якую чытаюць галоўныя героі, лёгка адгадваецца менавіта «Адзінота ў сеціве», хоць раман ні разу не называецца наўпрост.
Па-польску «Канец адзіноты» выйшаў летась, але паўтарыць поспех першай кнігі не здолеў. У Польшчы цяпер у топах дэтэктыўшчыкі і нобелеўскі лаўрэтат — 2018 полька Вольга Такарчук.
Раман «Канец адзіноты» з польскай мовы пераклалі Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская. Выхад кнігі ў рускім перакладзе планаваўся на вясну, але ўсё яшчэ не з’явіўся.
Купіць кнігу
«Вядзьмар, які рабіўся ваўком»
(Выдавецтва «Янушкевіч»)
Пад такой назвай магла б выйсці любая сучасная кніга фэнтэзі. Але гэтую гісторыю прыдумалі як мінімум сто гадоў таму ў Беларусі. Менавіта казка з такой назвай і азагаловіла ўсю кнігу.
«Вядзьмар, які рабіўся ваўком» — гэта 30 чарадзейных казак з розных куткоў Беларусі, запісаных у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Але прыдуманы яны маглі быць і за некалькі стагоддзяў да гэтага. У наш час іх адабраў з запісаў этнографаў і апрацаваў Антон Францішак Брыль. Некаторыя з гэтых гісторый усім вядомыя, а іншыя, наадварот, рэдка траплялі ў выданні для шырокага чытача. І гэтая кніга не толькі для дзяцей, як мы прывыклі. Чарадзейны свет беларускай казкі аднолькава цікава прачытаецца і дарослымі. Гэта кніга без узросту. Там, дзе дзіця ўбачыць яўны сэнс, старэйшы чытач можа лёгка счытаць больш глыбокія думкі.
Ілюстрацыі для кнігі зрабіў Валерый Славук. Упэўненыя, што вы хоць раз сустракалі яго малюнкі. Славук праславіўся тым, з якой любоўю стварае вобразы рознай нечысці з народных казак. Яго чэрці — гэта шэдэўр, які не выклікае страху ў дзяцей, але і не дае адвесці позірку.
Кніга, створаная на народнай мудрасці і абкатаная стагоддзямі. Без граму маралізатарства ці павучання.
Купіць кнігу
Уладзімір Сцяпан «Хвалі»
(Выдавецтва «Мастацкая літаратура»)
Уладзімір Сцяпан у сучаснай беларускай літаратуры вядомы як майстар кароткай прозы. Паводле адукацыі ён мастак: скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Мастацкая адукацыя дапамагае і ў літаратурнай дзейнасці.
«Хвалі» — гэта новы празаічны зборнік пісьменніка. Ён складаецца з апавяданняў, аповесцяў і некалькіх цыклаў мініяцюр. Некаторыя апавяданні Сцяпана вельмі навелістычныя, бо маюць дынамічную сюжэтную лінію і нечаканую развязку. Напрыклад, апавяданне «Сустрэча», у якім аўтар паказвае, як адна сустрэча можа кардынальна змяніць жыццё чалавека. Як наш выбар уплывае на далейшы лёс. Ці даволі трагічнае апавяданне «Дзеці», якое закранае заўжды актуальнае пытанне адносін бацькоў і дзяцей.
Большую частку зборніка складаюць празаічныя мініяцюры, аб’яднаныя ў некалькі тэматычных цыклаў. Напрыклад, «Няўлоўнае» ўяўляе сабой цыкл тэкстаў, прысвечаных рыбалцы. Уладзімір Сцяпан вядомы як заўзяты рыбак, які ахвотна дзеліцца сваім захапленнем на ўласнай старонцы ў Facebook. Ён вырашыў перанесці гэтыя замалёўкі на паперу і змясціць у зборніку. У апісанні такога цікавага хобі пісьменніку вельмі дапамагае талент мастака-жывапісца, бо ён умее словамі ствараць цэлыя мастацкія палотны. Яго кароткая проза вылучаецца выяўленчай мастацкасцю.
З фэйсбучных запісаў паўстаў і цыкл «Пра маму». Сямейныя мініяцюры Сцяпана падобныя, калі зноў карыстацца мастацкай тэрміналогіяй, да замалёвак, эскізаў, накідаў. Але паступова з іх вырастае цэльнае і аб’ёмнае палатно, якое апісвае маці, пра якую ён піша з вялікай пяшчотай і павагай.