Пазняк прайшоўся па ўсіх удзельніках выбараў: дасталася Лукашэнку, Бабарыку, Цапкалу, Ціханоўскаму і Статкевічу

by
Лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк апублікаваў у фэйсбуку сваё бачанне выбараў-2020. Дасталася ўсім удзельнікам працэсу.
https://nn.by/img/w924d4/photos/z_2020_02/9dcbad9e-604a-405e-816c-c745056334ca_w1200_r1_s-2sjb7.jpg
Зянон Пазняк, фота «Радыё Свабода»

Пазняк мяркуе, што ва ўдзеле Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы зацікаўлены як рэжым Аляксандра Лукашэнкі, так і Масква.

«Далёкасяжная роля для Масквы — гэта стварэньне важкіх палітычных фігур нібыта альтэрнатыўных Лукашэнку, якія будуць прызнаныя і кантраляваныя Масквой, Эўразьвязам і ЗША (вакансія «Мілінкевіча», які выконваў гэтую ролю, цяпер якраз пустуе). Масква рыхтуе на будучыню новую, ужо намэнклятурную, зрусіфікаваную (без нацыянальных беларускіх «замарочак») кіруемую альтэрнатыву рэжыму, якая пры патрэбе будзе скарыстаная для замены Лукашэнкі», — перакананы ён.

Палітык дадае, што павышаная ўвага да Бабарыкі і Цапкалы з боку СМІ дапамагае пераключыць грамадства з тэмы каранавіруса і дзеянняў Лукашэнкі, які, маўляў, выкарыстоўвае пандэмію для знішчэння беларусаў.

Пра Бабарыку

«Спадара Бабарыку пачалі рыхтаваць да гэтай ролі яшчэ тры гады таму. Якраз тады ён пачаў выступаць публічна (напрыклад, у бізнэс-клубе «Імагуру» на Фабрыцыуса) з апавяданьнямі пра свае паняцьці, пра ацэнкі эканомікі, фінансаў і т. п. на тым жа ўзроўні, што і цяпер з псэўдакрытыкай сістэмы. І ніхто яго, чыноўніка рэжыму, ня рушыў».

Пра Цапкалу

«Што датычыць «дыпламата» сп. Цапкалы, то ён як кадравы функцыянер «всегда готов», сваёй ролі ў выбарчай кампаніі і сваіх «рускамірскіх паняцьцяў» нават не хавае».

Пра Ціханоўскага

«Спадар Ціханоўскі камунікуецца не ў ФБ. Ён у канторскай «ВКонтакте». На пытаньне пра 1991 год — нацыянальную рэвалюцыю і Незалежнасьць Беларусі, рэпліка (— а это когда Советскій Союз распался). Пра Пагоню і Беларускі сьцяг (— как народ решит) і г. д. Як кажуць, ад сябе не ўцячэш.

Тут тыповая пазыцыя чалавека, які знаходзіцца пад уплывам маскоўскай ідэалёгіі гібрыднай вайны. Такіх людзей часам называюць «агентамі ўплыву», прытым яны нават самы пра тое не здагадваюцца, але дзейнічаюць у рэчышчы чужой палітыкі.

Такое здараецца зь людзьмі, у якіх не пастаўлены і не сфармаваўся нармальны нацыянальны хрыбет, нацыянальная годнасьць, гонар за мову, гісторыю і свой народ, які перажыве выпрабаваньне. Цяпер у рэжымнай Беларусі, дзе лукашызм нішчыць усё беларускае, нацыянальная недафармаванасьць асобы стала ўжо сацыяльнай асаблівасьцю ў грамадзтве.

Зрэшты, у такіх людзей (калі яны не завербаваная агентура, вядома) яшчэ ёсьць пэрспэктыва асабістага нацыянальна-культурнага разьвіцьця ў інтарэсах Беларусі. Але пакуль што відовішча не найлепшае…

Зразумела, што лялькаводы на Ціханоўскага шмат ня ставяць, у яго іншыя функцыі (прыцягнуць людзей на выбары), зь якімі ён спраўляецца».

Пра Статкевіча

«Побач з Ціханоўскім фігуруе (таксама ўжо гаворыць па-руску) нязьменны «пратэстант» Статкевіч, вядомы правакатар пабоішча 2010 года. Становішча пакуль двузначнае. Пратэст павінен пашырацца. Аб'ектыўна Ціханоўскі расхіствае рэжымны сацыяльны маразм, людзі адгукаюцца, падтрымліваюць. Бяда толькі ў тым, што там, дзе Статкевіч і кантора, справа заўсёды заканчваецца дрэнна».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?