https://i.c97.org/p/articles/2015/ai-170179-aux-head-20150922_med_360.jpg

У Дрыбінскім раёне ад каранавірусу памерла пенсіянерка

Успышка захворванняў на COVID-19 зафіксаваная ў вёсцы Пудоўня Магілёўскай вобласці.

Успышка захворванняў на каранавірус зафіксаваная ў вёсцы Пудоўня Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. На мінулым тыдні там памерла 70-гадовая пенсіянерка Лізавета П., піша “Наша ніва”.

Мясцовыя жыхары расказалі, што тэст на «карону» ў жанчыны быў станоўчым. Прыкладна тыдзень таму яе шпіталізавалі ў Магілёў, амаль адразу жанчына трапіла на апарат ШВЛ. У выніку арганізм не справіўся.

У Пудоўні нам расказалі, што спадарыня Лізавета часта хварэла, у яе было не самае крэпкае здароўе, у прыватнасці — цукроўка. Плюс да ўсяго яна дастаткова позна звярнулася па медыцынскую дапамогу, доўга хварэла дома. Спадзявалася, што гэта прастуда і хутка яна адступіць.

У Пудоўні Лізавета П. жыла адна. Яе дзеці жывуць у Магілёве.

Усяго ў Пудоўні зафіксавана як мінімум чатыры выпадкі захворвання на каранавірус. У астатніх хвароба праходзіць у лёгкай форме, рызыкі для жыцця няма.