«39 дзён на штучнай вентыляцыі лёгкіх». Унікальна складаная гісторыя са шчаслівым канцом

by

На мінулых выходных у перадачы «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» выйшаў сюжэт пра мужчыну, які выжыў пасля 39 дзён на апараце ШВЛ.

«Як самаадчуванне, Віктар?» — пытаецца голас за кадрам.

«Добрае самаадчуванне», — з усмешкай ківае мужчына на бальнічным ложку.

https://nn.by/img/w655d4/photos/z_2020_05/photo_2020-05-25_13-23-21-vcwz7.jpg
Мужчына — пацыент рэанімацыйнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Ён захварэў на «карону» і правёў больш за месяц пад апаратам ШВЛ. Праз 39 сутак мужчыну ўсё ж палепшала.

Голас у Віктара яшчэ слабы.

«Мяне пераводзяць быццам бы ў агульную палату», — кажа ён у сюжэце.

Праўда, пакуль што пацыент усё яшчэ ў рэанімацыі. Яго завуць Віктар Рабчэня. Яму 41 год.
https://nn.by/img/w924d4/photos/z_2020_05/o_by84zmyp0-br9xe.jpg

Віктар родам з-пад Івацэвіч, але даўно ўжо жыве ў Мінску. Скончыў БДУІР, працаваў інжынерам на заводзе СВТ, які займаецца вытворчасцю і продажам радыевымяральнага абсталявання.

«Віктар — начальнік сектара ў канструктарскім аддзеле, спецыяліст па асцылографах. Добры спецыяліст, нам зараз яго вельмі не хапае», — кажуць калегі.

Па інфармацыі сваякоў, заразіўся мужчына падчас паездкі ў Віцебскую вобласць. У адной з вёсак пад Віцебскам у Віктара жыве сябар. Мужчына ў канцы сакавіка паехаў да яго «рабіць машыну». А па вяртанні пайшоў як звычайна на працу.

«30-31 сакавіка Віктар быў на працы. 1 красавіка адчуў сябе кепска, спрабаваў дома лячыцца. Але, здаецца, 5 красавіка яго ўсё ж паклалі ў бальніцу, — распавёў «Нашай Ніве» Валянцін Міклашэвіч, дырэктар прадпрыемства. — 7 красавіка мы даведаліся, што ў Віктара каранавірус. На наступны ж дзень прыехалі спецыялісты дэзынфікаваць памяшканні, дзе ён працаваў, ліфты, калідоры. Таксама выявілі ўсе кантакты першага і другога ўзроўню, адправілі іх на самаізаляцыю. Ім рабілі тэсты, іх правяралі дактары і міліцыя, але, на шчасце, ніхто з прадпрыемства больш не захварэў».

Калегі званілі Віктару, калі ён толькі трапіў у бальніцу. Кажуць, што размаўляў нармальна, хіба толькі трохі кашляў.

Але ўжо 10 красавіка мужчыну пагоршала так, што яго паклалі на апарат ШВЛ.

«Прычым ён не ўвесь час ляжаў у НПЦ, да гэтага ён месяц прабыў пад апаратам у іншай бальніцы. Калі ён ужо пачаў прыходзіць у прытомнасць там, то яго не маглі адключыць ад апарата… Слаба вельмі дыхаў, спрабавалі — не маглі. Потым перавезлі ў НПЦ разам з апаратам», — распавялі «Нашай Ніве» сваякі. На шчасце, Віктар усё ж выжыў.

«Наша Ніва» звязалася з сям’ёй Віктара, але і ён сам, і яго жонка адмовіліся ад каментароў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?