На Чыжа ў суд яшчэ і жонка падала
Група «Трайпл» накіравала ў Эканамічны суд Мінска заяву аб банкруцтве, але гэта не адзіны працэс, які вядзецца ў дачыненні да маёмасці асноўнага ўладальніка кампаніі Юрыя Чыжа. Паводле інфармацыі TUT.BY, у чэрвені Нагінскі гарадскі суд Маскоўскай вобласці разгледзіць пазоў Святланы Чыж да яе мужа, Юрыя Чыжа. Пазоў пададзены аб падзеле часткі сумесна нажытай з мужам маёмасці.
Гаворка ідзе аб чатырох акцыях ЗАТ «Гандлёвы дом «БелАЗ» (4% статутнага капіталу) намінальным коштам 30 тысяч расійскіх рублёў кожная. У заяве ўказана, што акцыі былі ў сумеснай уласнасці мужа і жонкі, але ў лістападзе 2018 года Юры Чыж іх прадаў — па намінале, то бок, за 120 тысяч расійскіх рублёў. Пакупнік — ААТ «БелАЗ».
У заяве ўказана, што аб здзелцы Святлана Чыж даведалася толькі ў лютым 2020 года, гэта значыць акцыі былі прададзеныя без яе ведама і згоды.
Пазоўніца лічыць, што цана здзелкі была заніжаная: зыходзячы з кошту чыстых актываў ЗАТ «ГД БелАЗ», пакет Чыжа каштаваў 124 млн расійскіх рублёў, гэта значыць, больш чым у сто разоў даражэй.
Пазоў пададзены ў Нагінскі суд, бо ў Нагінску, па сцвярджэнні пазоўніцы, пражывае Юрый Чыж.
Заснавальнікамі ЗАТ «Гандлёвы дом БелАЗ», генеральнага дыстрыб'ютара БелАЗа ў Расіі, з'яўляюцца Прэзідэнцкі спартклуб (48% доляй), ЗАТ «УралБелАЗсервіс» (48%) і сам БелАЗ (4%).
На БелАЗе адмовіліся ад каментароў.
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?