Лукашэнка: Дактары кажуць, што мы на плато. Але я не так аптымістычны
Аляксандр Лукашэнка адзначае паступовае паляпшэнне эпідсітуацыі ў Беларусі, але заклікае не расслабляцца. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе ў Мінску па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях, перадае БЕЛТА.
«Калі, я часта кажу гэта апошні месяц, і далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы справіліся з Боскай дапамогай з гэтым захворваннем. Пачалося гэта з Віцебска. Віцебск ужо канстатуе факт, што яны ўнізе па захворванні. Сведчаннем таму з'яўляецца, што мы бальніцы пачалі зачышчаць, вымываць — тыя, якія рыхтавалі як рэзерв для каранавіруса», — заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, аналагічная сітуацыя назіраецца і ў Мінску. «На плато ўжо знаходзімся, па заявах дактароў. Я, праўда, не так аптымістычны ў сілу сваіх забабонаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Тым не менш, грунтуючыся на развіцці сітуацыі, ужо і ў Мінску плануюць у найбліжэйшы час вяртаць да звычайнай працы шэраг лячэбных устаноў, у тым ліку анкалагічнага і гінекалагічнага профілю, бальніцу хуткай меддапамогі. «У прынцыпе, мы адчуваем, што нам ужо не спатрэбяцца гэтыя бальніцы ў Мінску [пад лячэнне хворых з каранавірусам], — заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў стабілізацыю захворвання і нават некаторае зніжэнне ў Мінскай вобласці. Нядрэнная абстаноўка і ў Магілёўскай вобласці.
«Калі так, то ў нас застануцца толькі дзве вобласці — Брэсцкая і Гомельская, — якія мы павінны кантраляваць. Яны пазней за ўсіх увайшлі ў гэты працэс, і спецыялісты кажуць пра тое, што яны пазней за ўсіх і выйдуць, на тыдзень дзесьці», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што ў штодзённым рэжыме, раніцай і ўвечары, цікавіцца адпаведнымі пытаннямі і праблемамі. «Ложкаў дастаткова. Цяжкіх менш стала. Мабыць, вірус усё ж аслабеў ужо, вірулентнасць яго ўжо не тая. Дай бог, каб не тая. Але пры гэтым мы павінны трымаць у галаве другую хвалю. Ніхто не даказаў, што яна будзе, але мы павінны да гэтага рыхтавацца. І ніхто не ведае, калі яна прыйдзе. Калі зімой і восенню, то дай бог, каб мы сур'ёзна змаглі падрыхтавацца да гэтага. А, можа быць, гэтая бяда нас міне. Тым не менш, расслабляцца нельга», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама на прыкладзе Мінска адзначыў добрую арганізацыю кантролю за развіццём сітуацыі ва ўмовах пандэміі. Аляксандр Лукашэнка папрасіў старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, якая курыруе сталіцу, распавесці аб адпаведных падыходах. «Не як лечым людзей (я гэта ведаю, а як вы арганізавалі кантроль зверху). Напэўна, будзе чаму павучыцца ў вас па Мінску.
Бо няпростая сітуацыя — два з лішнім мільёны чалавек, і няпроста было тут арганізаваць справу. Але ні ў якім разе нельга расслабляцца», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?