Віктар Марціновіч пра выбары-2020: Хітрыкі больш не працуюць

by
https://nn.by/img/w924d4/photos/z_2020_05/img_0722-y6rvh.jpg
Фота Надзеі Бужан

Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра сёлетнюю выбарчую кампанію, якая займела нечакана актыўны старт.

Яшчэ ў пачатку красавіка я зазначыў тут, што год вытанцоўваецца дужа незвычайны. Выкрунтасы, якія цудоўна спрацоўвалі ў 2019-м, цяпер вядуць да адваротных наступстваў.

За той допіс шмат хто прылічыў мяне да «містыкаў», але чым далей, тым больш пацверджанняў той інтуіцыі я бачу навокал.

Выглядае, што 2020-ы хранічна не дапускае круцельства.

Як усё цудоўна было прыдумана: зладзіць выбары ў першай траціне жніўня, каб збор подпісаў прыпаў на час вакацый, калі ўсе мусяць адпачываць у Іспаніях ці ў Анталіі! І хто ж мог дапусціць сітуацыю, калі паўсюдны каранцін замкне самых актыўных беларусаў на радзіме! Як найменш да ліпеня, бо раней вонкавыя межы шэнгена не адкрыюцца!

Хто мог прадбачыць, што стаўка на «кволыя», «незаўважныя», «прахадныя» выбары абернецца вось такім стартам кампаніі! Пры тым, што патэнцыйная «плошча» прыпадае цяпер не на снежань, а на самую цёплую пару, калі халады не будуць выціскаць народ з вуліц.

Які прыгожы, тэхнічны быў план з абвяшчэннем выбараў за дзень да парада Перамогі! Каб, сузіраючы шэрагі баявых машын, а пасля гледзячы салют і радуючыся на вечаровым канцэрце, нацыя ў адзіным парыве злілася вакол лозунга «За Беларусь» і тых, хто яго ўвасабляе!

І чым жа ўсё скончылася? На канцэрт і парад давялося размяркоўваць тых, хто туды, мякка кажучы, не імкнуўся. Выццё ў сацыяльных сетках, «злівы» ў тэлеграм-каналах. Усенародная кансалідацыя ператварылася ў такое ж, на ўсю краіну, асуджэнне.

Які цудоўны быў крок з нейтралізацыяй Ціханоўскага — і як гарантавана такія крокі спрацоўвалі раней! Суткі, вязніца, а потым яшчэ і папракнуць, што наўмысна на рэгістрацыю не прыйшоў, бо забаяўся паразы! Але тут падае паперы ягоная жонка. І ў яе прымаюць дакументы, бо лічаць, што асноўны вораг ужо паралізаваны. І раптам пакінуць аўтограф той жонцы выстройваецца чарга ад Камароўкі да метро!

Цудоўна, яскрава, з аганьком пракацілі ўсіх «кандыдатаў пратэсту» Статкевіча! У «Твітары» нават пачалі пасмейвацца, маўляў, ну што, спадар Мікола, дагуляўся ў «Counter Strike» з чытарамі? Але адзін чалавек, якога вырашылі, не інакш з пачуцця жалю, усё ж дапусціць да збору подпісаў, ладзіць той самы пікет ля Камароўкі, які дазваляе Статкевічу спрацавацца з Ціханоўскім. І вось мы маем самы вялікі погалас ад сустрэчы па зборы подпісаў за ўсю гісторыю беларускіх выбараў.

Чорт яго ведае, што пачало працаваць супраць звычайнай завядзёнкі. Чаму чалавек, адседзеўшы 15 сутак, выходзіць з астрогу не зломленым і не пачынае мямліць, як шмат хто рабіў дагэтуль. Метады не змяніліся — ні ў сістэмы, ні ў тых, хто ёй супрацьстаіць. Але працаваць усё стала па-іншаму.

Магчыма, у гэтае ўраўненне проста дадалася тая самая большасць, якая раней вагалася. Магчыма, такім чынам, і ранейшыя планы былі працаздольныя, проста ім бракавала цікаўнасці да тых, хто тыя планы прыдумляў і агучваў.

Цяпер жа за што ні вазьміся, ад барацьбы з каранавірусам (як там з вакцынай, Аляксандр Мікалаевіч?) да «выплат медыкам», — падман вылазіць і рэжа вочы. Гэта як з той сітуацыяй у Бабруйску, калі медыкі «хуткай» вырашылі ўмяшацца ў запіс сюжэта для тэлевізара.

І калі звычайны пікет па зборы подпісаў блогера, які нават не дапушчаны да кампаніі, і пратэстнага палітыка, які таксама не зарэгістраваны, уздымае такі вэрхал, дык ці не сапсуецца і ўсё астатняе?

Тыя самыя выбары.

Той падлік галасоў з папярэднім датэрміновым галасаваннем.

Калі падумаць галавой, дык там няма чаму «ламацца». Усё адпрацавана, змазана, цікае і ніколі не памыляецца. Але калі падумаць менавіта галавой, таго, што адбылося ўчора ля Камароўкі, таксама быць не павінна было. Дык чаго чакаць 10 жніўня? Якіх вынікаў?

У падліку і абвяшчэнні самы галоўны ўдзельнік — беларуская наменклатура, якую існы расклад ставіць перад няпростым выбарам. Ці то «плошча» з магчымым прыходам да ўлады вельмі радыкальных таварышаў — у выпадку, калі зноўку будзе абвешчаны пераможцам непажаданы гэтым таварышам кандыдат. Ці то кампрамісная перамога лагоднага кандыдата, які нават публічна агучыў, што фальсіфікацый «пакуль» у Беларусі не было (а значыць, прабачаць усіх, хто працаваў і ў 2010-м, і ў 2015-м).

Адно мяне турбуе.

У гэтай краіне працэсамі кіравалі дзве стыхіі: круцельства, якое дазваляла грамадзянам падманвацца, і брутальная сіла (падключалася ў выпадку, калі знаходзілася шмат тых, хто верыць пераставаў).

То хочацца, каб гэтыя сённяшнія трыумфы не скончыліся велізарным шухерам і татальным гвалтам, а потым — найглыбейшым пахмеллем, з якога краіна не выкараскаецца яшчэ 10 гадоў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?