Брэсцкі аўтавакзал закрыў аўтобуснае злучэнне з Польшчай праз тры дні пасля адкрыцця. Прычына — банальная

by
https://news.tut.by/society/685829.html
https://nn.by/img/w720d4/photos/z_2020_05/brest_avtovokzal_2019_10-i1x5i.jpg

25 мая Брэст закрыў аўтобуснае злучэнне з Польшчай. Прычына — распаўсюд у свеце каранавіруса і закрыццё межаў, сказана на сайце аўтавакзала. Усе міжнародныя рэйсы адменены. Аб аднаўленні руху будзе паведамлена дадаткова, паведамляе Tut.by.

Нагадаем, 22 мая агенцтва тэленавінаў паведаміла пра тое, што Брэсцкі аўтавакзал адкрыў злучэнне з Польшчай. Навіну шырака растыражавалі дзяржаўныя СМІ.

На сайце прадпрыемства з'явіўся расклад маршрутаў у Бяла-Падляску, Варшаву, Гданьск і Катавіцы. Усе міжнародныя рэйсы былі сфармаваныя польскімі перавозчыкамі.

У нядзелю, 24 мая, з Tut.by звязаўся прадстаўнік польскай кампаніі-перавозчыка, якая вазіла пасажыраў па маршруце Брэст — Варшава. Ён паведаміў, што паўсталі складанасці з праходжаннем беларуска-польскай мяжы ў палякаў-кіроўцаў аўтобусаў, якія ўязджаюць у Беларусь без 14-дзённага каранціну ў Польшчы. Са сваёй праблемай прадпрыемства звярнулася ў беларускі Мінтранс.

«Звяртаемся з просьбай аб хадайнічанні перад Міністэрствам аховы здароўя Беларусі аб выдачы дазволу на ажыццяўленне ў чэрвені і ліпені 2020 года міжнародных перавозак пасажыраў па маршруце Варшава — Брэст — Варшава без неабходнасці пацверджання кіроўцаў экіпажаў аўтобусаў (якія з'яўляюцца грамадзянамі РП) 14-дзённага тэрміну самаізаляцыі. На сённяшні дзень па заканадаўстве Польшчы кіроўцы міжнародных рэгулярных рэйсавых аўтобусаў маюць права ўехаць на тэрыторыю Польшчы без неабходнасці знаходжання на 14-дзённай самаізаляцыі», — гаварылася ў звароце.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?