У завода АКБ пад Брэстам змяніўся ўласнік. Адзін з новых гаспадароў — трэнер каманды прэзідэнта
by NN.byУ скандальна вядомага акумулятарнага завода пад Брэстам змяніўся ўласнік. Месца падкантрольнай Віктару Лемяшэўскаму кампаніі «Белінвестгандаль-Сплаў» занялі бізнэсмены, якія маюць моцны хакейны бэкграўнд, піша tut.by.
У 2016 годзе завод пад Брэстам пачынала будаваць кампанія «АйПаўэр», уладальнікам якой была фірма «Белінвестгандаль-Сплаў». Абедзве структуры ўваходзяць у 1AK-GROUP, саўласнікам якой з'яўляецца бізнэсмен Віктар Лемяшэўскі.
«Акумулятарны завод пад Брэстам ТАА «АйПаўэр» з 22 мая 2020 года выведзены з-пад кантролю групы кампаній 1AK-GROUP. У ходзе здзелкі быў здзейснены продаж 100% доляй у статутным фондзе ТАА «АйПаўэр». У выніку завод атрымаў найменне ТАА «Акумулятарны Альянс». Новымі ўдзельнікамі таварыства вядуцца перамовы з шэрагам буйных еўрапейскіх інвестараў па ўваходжанні ў капітал завода», — паведамілі ў 1AK-GROUP.
Паводле звестак Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб, статутны фонд новага ўласніка завода ТАА «Акумулятарны Альянс» складае 6,7 мільёна рублёў. 85% долі кампаніі належыць Сяргею Кагановічу, а 15% — Дзмітрыю Баскаву.
Кагановіч з'яўляецца намеснікам дырэктара кампаніі «Сем пагоркаў Бел». Група ўключае кампаніі, якія займаюцца вытворчасцю розных відаў упакоўкі, продажамі складской і дарожна-будаўнічай тэхнікі, стварэннем лагістычных тэрміналаў.
Сяргей Кагановіч даўно захапляецца хакеем, удзельнічаў у спаборніцтвах з удзелам каманды прэзідэнта.
Дзмітрый Баскаў — гендырэктар хакейнага клуба «Дынама-Мінск» і трэнер каманды Аляксандра Лукашэнкі.
«Раней гуляў у камандзе прэзідэнта. Потым стаў трэнерам. Гэта яшчэ большая адказнасць, чым быць брамнікам. Тут справа нават не трэніраваць, а кіраваць камандай прэзідэнта. Прэзідэнт дазваляе кіраваць камандай, дазваляе прымаць рашэнні», — казаў Баскаў пасля перамогі на Калядным турніры-2020.
Кагановіч і Баскаў з'яўляюцца членамі савета дырэктараў БСБ Банка.
Будаўніцтва акумулятарнага завода выклікала хвалю незадаволенасці ў жыхароў Брэста і некалькіх вёсак Брэсцкага раёна. Яны лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Ад 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Брэсце праходзяць сустрэчы праціўнікаў акумулятарнага завода.
14 чэрвеня 2019 года Брэсцкі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў». Генпракуратура пачала праверку, КДБ распачаў крымінальныя справы за хабарніцтва супраць Віктара Лемяшэўскага. У канцы года яго і іншых фігурантаў справы выпусцілі з СІЗА да суда.
5 лютага 2020 года Эканамічны суд вынес рашэнне па пазове Брэсцкага аблвыканкама да «АйПаўэр» аб вяртанні 5,7 млн рублёў, якія былі вылучаныя кампаніі з інавацыйнага фонду на будаўніцтва акумулятарнага завода. Абласныя ўлады настойвалі, што кампанія не выканала ўмоваў дамовы аб выдзяленні сродкаў.
У пачатку красавіка 2020 года «АйПаўэр» атрымаў станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы па праекце будаўніцтва акумулятарнага завода і дазвол на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу.
23 красавіка Галоўдзяржбудэкспертыза прыняла рашэнне прыпыніць дзеянне свайго заключэння па акумулятарным заводзе. Падставай стала інфармацыя аб крыніцах фінансавання будаўніцтва акумулятарнага завода.
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?