Сям’я асуджанага за педафілію Давыдовіча хоча, каб СМІ выдалілі адрас катэджа, куды вазілі хлопчыкаў
by фоты Надзеі БужанУ Рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуўся Андрэй Давыдовіч, сын асуджанага за дзеянні сэксуальнага характару з непаўналетнімі Вячаслава Давыдовіча. Ён хоча, каб «Наша Ніва» выдаліла з усіх артыкулаў адрас дома, у якім здзяйсняў злачынствы яго бацька. Матывацыя такая: маўляў, калі чалавек увядзе ў гугл адрас «Мікалаеўская, 9», у яго складзецца негатыўнае ўражанне пра гаспадара дома.
Андрэй Давыдовіч называе сябе ўласнікам дома і наракае, што згадка адраса на сайце NN.by абмяжоўвае яго правы.
«Лічу, што інфармацыя, якая ўтрымлівае адрас дома, носіць асабісты характар і не можа быць распаўсюджана без маёй згоды», — тлумачыць ён.
Аднак не ўсё так проста.
Нагадаем, гіганцкі катэдж у Зацані пад Мінскам трапіў у цэнтр грамадскай увагі як месца, куды для сэксуальных забаў заваблівалі непаўналетніх хлопчыкаў.
Чытайце. Навошта «сур'ёзныя дзядзькі» заваблівалі непаўналетніх хлопчыкаў у катэдж у пасёлку Зацань?
Калі над Давыдовічам сталі згушчацца хмары, ён на ўсялякі выпадак перапісаў катэдж на сына.
Справа ў тым, што спачатку Давыдовіча судзілі па эканамічным артыкуле, за прадпрымальніцкую дзейнасць без рэгістрацыі з атрыманнем прыбытку ў асабліва буйным памеры. З яго спагналі амаль 100 тысяч рублёў, але катэдж не чапалі, бо на той момант ён фармальна не быў ва ўласнасці Давыдовіча. Пасля быў яшчэ і «сэксуальны» артыкул, але ў выніку злачынец адседзеў усяго каля 4 гадоў.
Прычым, як высветліла «Наша Ніва», у жніўні 2019 года сын вярнуў бацькаў «падарунак» назад. Вячаслаў Давыдовіч зноў стаў гаспадаром таго самага дома і застаецца ім дагэтуль.
Аказалася, яго сын схлусіў у лісце ў «Нашу Ніву» пра тое, што валодае катэджам. Адметна, што ён даслаў у «Нашу Ніву» перапіску з некаторымі іншымі СМІ. Яны вырашылі выдаліць адрас дома Давыдовіча са сваіх старых артыкулаў.