Лукашэнка паставіў ультыматум: калі не вырашыцца з нафтай, пачнём адбор з транзітнай трубы
Беларусь працягне закупаць нафту ў іншых краінах, нават калі яна будзе даражэйшая за расійскую. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з калектывам Светлагорскага ЦКК, перадае БЕЛТА.
Падчас перамоваў у Сочы Уладзімір Пуцін засумняваўся, што беларускі бок працягне купляць нафту ў іншых краінах. «Навошта вы будзеце гэта рабіць, калі яна ўсё роўна даражэйшая за расійскую?» — спытаў ён.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь працягне дыверсіфікаваць закупкі. «Каб кожны год 31 снежня а дванаццатай гадзіне ночы не стаяць на каленях, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Так быць не павінна, і так не будзе».
Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не будзе плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям, тым больш калі яны пастаўляюць прадукт па сусветнай цане. «Мы не просім танную нафту. Мы купім па сусветнай цане і перапрацуем. І гэта выгадна для кампаній», — заявіў ён.
«У Сочы мы дамовіліся, што ўрад Расіі і асабіста намеснік кіраўніка Адміністрацыі Дзмітрый Козак будуць кантраляваць гэтае пытанне і дапамогуць нам дамовіцца. Гэта значыць пайшоў сігнал: калі Беларусь з кімсьці дамаўляецца, дапамажыце па трубе ім паставіць гэтую нафту з Расіі.
Я нікога не шантажаваў, сказаў: калі з Расіі не будзе пастаўлена нафта ў патрэбных аб'ёмах (міжурадавае пагадненне на 24 млн т, у студзені яны паставілі ўсяго 500 тыс. т — 1,5 млн т недапаставілі), мы пачнём адбор з транзітнай трубы.
Праз краіну на Захад і для Беларусі прапампоўваецца 70 млн т нафты. І яны не маюць ніякіх праблем. Мы сумленна, сумленна пампуем гэтую нафту. Памятаеце летам брудную нафту? Да гэтага часу не разлічыліся за гэта, хоць у нас выйшла са строю абсталяванне ў Мазыры, Наваполацк пацярпеў і нафтаправод «Дружба». Таму, калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн т дабіраць», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, паводле яго слоў, Беларусь прапрацоўвае пытанне паставак нафты з польскімі партнёрамі. «Мы зараз з Гданьска (купім у Саудаўскай Аравіі, Эміратаў, Злучаных Штатаў Амерыкі) паставім па трубе», — расказаў Лукашэнка. У Беларусі таксама разглядаюць варыянт паставак нафты з ЕС рэверсам па адной з галінак нафтаправода «Дружба». Тады ўжо не Расія будзе па ім пастаўляць нафту на Захад, а Беларусь пампаваць з Еўропы.
Для паставак таксама задзейнічаюць балтыйскія парты. Тут могуць аказаць садзейнічанне Злучаныя Штаты. «Я прыбалтам прапаную: мы можам купіць нафту на Балтыцы, запампаваць праз Літву ці Латвію (як дамовімся), перапрацуем і забяспечым увесь прыбалтыйскі рэгіён», — раскрыў схему Наваполацкага НПЗ кіраўнік дзяржавы. Такім жа чынам зможа працаваць і завод у Мазыры: нафта да яго паступіць праз Чорнае мора, а прадпрыемства затым забяспечыць сваёй прадукцыяй усю Украіну і часткова Еўропу.
Адказваючы на заўвагі з расійскага боку датычна дарагоўлі такіх падыходаў, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час яны выдзелілі дзясяткі мільярдаў даляраў на будаўніцтва Турэцкага і Паўночнага патокаў. Хоць маглі значна танней пастаўляць газ праз Украіну, нават прыняўшы дадатковыя ўмовы Кіева. Але ў Расіі заявілі, што на гэта ніколі не пойдуць з прынцыпу, і вырашылі будаваць газаправоды ў абыход гэтай краіны. «Дакладна так і я кажу «не». Мы будзем па гэтых маршрутах прапрацоўваць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты, — дадаў Лукашэнка. — Мы адкрыта, сумленна кажам пра гэтую лагістыку».
У цэлым нядаўнія перамовы ў Сочы Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў як «жорсткую і шчырую размову». «Па нафце, як мы і прасілі, — сусветная цана без усялякіх прэмій. Без усялякіх зніжак, нам не патрэбныя ніякія зніжкі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.