«Беларусы мяне масава падтрымліваюць»
Арамаіс Міракʼян распавёў, як cтаў героем расейскiх навiнаў.
11 лютага мянчук Арамаіс Міракʼян зайшоў у фірмовую краму «Камунаркі» на вуліцы Чырвонай папіць гарбаты. Замовіў яе па-беларуску, на што нечакана атрымаў ад касіркі прапанову размаўляць па-расейску, бо «у нас дзьве дзяржаўныя мовы», а пасьля яна прыгразіла выклікаць ахову. Канфлікт удалося залагодзіць з дапамогай адміністратаркі, паведмаляе «Радыё Свабода».
Пра гісторыю Арамаіс коратка напісаў у «Фэйсбук». І пачалося — публікацыі ў вядучых расейскіх СМІ і сотні ганебных камэнтароў з Расеі. Адрэагаваў на пост Міракʼяна нават чалец Савету Фэдэрацыі РФ, сэнатар Ігар Марозаў.
«Зьяўленьне нэгатыўных працэсаў у дачыненьні да рускай мовы, хай нават на побытавым узроўні, — гэта новая зьява, міма якой кіраўніцтва Беларусі не павінна праходзіць, — заявіў Марозаў у размове з выданьнем „Взгляд“. — Яго трэба жорстка кантраляваць уладам, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні».
«Прыходзіла па 80 паведамленьняў у хвіліну»
«Чалавек, які схадзіў проста папіць гарбаты ў кавярню, адчувае сябе так, нібыта ён трапіў у краіну абсурду, — кажа Міракʼян. — Кшталту „ніфіга сабе схадзіў па хлеб“. Я чакаў чаго заўгодна. Калі разьмяшчаў гэты пост, то разумеў, што будзе рэзананс. Але калі б мне нехта сказаў, што на гэта адрэагуе верхняя палата расейскага парлямэнту? Я ня ведаю, што б адказаў такому чалавеку. Я б не сказаў, што мяне гэта пужае. Зьдзіўляе хутчэй. Ім што, няма там чым заняцца, у той Расеі? У іх ідзе канстытуцыйная рэформа, а яны пераймаюцца тым, хто там у Беларусі гарбату сабе замаўляе».
Шум вакол учынку Міракʼяна не абмяжоўваецца публікацыямі ў СМІ і перапостамі яго допісу. На працягу апошніх некалькіх дзён мянчук атрымаў сотні крытычных паведамленьняў ад расейцаў. Некаторыя зь іх, паводле Міракʼяна, зьмяшчалі пагрозы.
«Калі ўчора пра мяне напісала Lenta.ru, пачалася атака. Іх ад пачатку было вельмі-вельмі шмат. Па 80 паведамленьняў у хвіліну. Я, можа, зь пяць соцень выдаліў камэнтароў. У асабістыя паведамленьні таксама пісалі. „Мы цябе знойдзем, мы цябе заб’ём, мы ведаем, дзе ты жывеш“. І гэтак далей. Гэта былі пагрозы, і гэта як мінімум непрыемна. Але ніводзін з гэтых людзей ня быў зь Беларусі, таму мне ня страшна хадзіць па вуліцах. Я не баюся за сваю бясьпеку».
Зьвяртацца да беларускіх праваахоўнікаў з просьбай разабрацца Міракʼян пакуль не плянуе. Кажа, што ня бачыць у гэтым сэнсу. Тым больш што пагрозы ўжо перасталі прыходзіць. Новай хвалі ён чакае пасьля публікацыі інтэрвію зь ім на расейскім сайце M.News World, куратарам якога зьяўляецца стрыечны брат Барыса Нямцова Ігар Эйдман. Гэтае расейскае СМІ было адзіным, якое ўзяло камэнтар у Міракʼяна. Іншыя абмежаваліся перапостам ягонага допісу ў фэйсбуку.
«Беларусы мяне масава падтрымліваюць»
Пры гэтым канфлікт у кавярні, які ўжо нарабіў столькі шуму нават на высокім узроўні, скончыўся на самым пачатку. Як расказвае Арамаіс, ён нават не пакінуў заўвагі ў кнізе скаргаў.
«Выйшла адміністратарка, перайшла на беларускую мову. Выбачылася за супрацоўніцу і паабяцала, што тая будзе вучыць беларускую мову. Вельмі прасіла не пісаць у кнігу скаргаў нічога. Мы не пісалі. Ня мелі ніякага жаданьня павялічваць канфлікт. Гэтая дзяўчына маладзейшая за мяне. Я не ўспрыняў усё гэта як асабістую абразу».
Акрамя пагрозаў, Міракʼян атрымаў таксама шмат камэнтароў з падтрымкай. Кажа, што гэта для яго нашмат больш важна.
«У кавярнях я буду па-ранейшаму замаўляць гарбату, задумвацца ня буду, — гаворыць мянчук. — Хай задумваюцца тыя, хто ня ведае, што такое гарбата. Беларусы мяне масава падтрымліваюць і гэта для мяне вельмі істотна. А што пра мяне думаюць дзядзькі і цёткі з Хабараўску, мне ўсё адно».