Анархісты Емяльянаў і Комар прызнаны палітвязнямі
by NN.byПраваабаронцы прызналі анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара, асуджаных на сем гадоў калоніі, палітвязнямі і патрабуюць перагляду прысуду.
У адпаведнасці з артыкулам 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму для яго годнасці абыходжанню або пакаранню, гаворыцца ў заяве.
«Дапушчальныя абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў, устаноўленыя для аховы грамадскага парадку, павінны быць прапарцыйнымі і не выходзіць за неабходныя межы. Супрацьпраўнае выкарыстанне гаручай сумесі, пашкоджанне маёмасці можа і павінна пераследвацца па законе, аднак пакаранне за гэтыя парушэнні не павінна быць празмерным і непрапарцыйным», — гаворыцца ў заяве.
У парушэнне названых правоў Мікіта Емяльянаў быў асуджаны да празмерна жорсткага пакарання, якое з'яўляецца відавочна непрапарцыйным зробленаму.
Іван Комар таксама быў пакараны празмерна жорстка, непрапарцыйна пастаўленным у віну дзеянням.
«З улікам цяжкасці наступстваў зробленага, наступных паводзін і даных пра асобу абвінавачаных, меліся падставы прымянення да Емяльянава і Комара мераў крымінальнай адказнасці, не звязаных з пазбаўленнем волі, прадугледжаных санкцыямі адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса», — адзначаюць праваабаронцы.
Усё выкладзенае можа сведчыць аб непрапарцыйным пакаранні Мікіты Емяльянава і Івана Комара ў сувязі з іх поглядамі і перакананнямі.
Праваабаронцы лічаць неабходным патрабаваць для Мікіты Емяльянава і Івана Комара неадкладнага перагляду прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных парушэнняў.
Сумесную заяву падпісалі праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Прававая ініцыятыва, Хьюман Канстанта, праваабарончая ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права», цэнтр прававой трансфармацыі «Lawtrend».