Беларуская піянерыя выдзеліла грант, каб спрыяць культуры нашэння гальштукаў
by НЛБеларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя правяла конкурс малых грантаў. Выбірала самыя нестандартныя сацыяльна значныя ініцыятывы. І ў выніку назвала пераможцам праект «Гальштук — гэта трэнд!»
Яго мэта — прышчапіць культуру штодзённага нашэння гальштука.
«Тут няма навязвання, мы прывучаем у гульнявой форме. Робім ухіл на сучаснасць», — кажа аўтарка праекта Наталля Канаплянік, старшыня Старадарожскага райсавета піянераў.
Дзецям прапануюць удзельнічаць у чэленджах і флэшмобах, здымаць лайфхакі, рабіць сэлфі. Паўсюль, зразумела, у гальштуку. А вынікам стане фестываль у маі «Мой гальштук — мой гонар».
«Раней дзеці неахвотна яго насілі. А цяпер гэта ўваходзіць у сістэму. Яны ўжо не ўяўляюць, як пайсці ў школу без гальштука, разумеюць, што не трэба яго складаць у кішэню»,
— хваліцца вынікамі Наталля Канаплянік.
Па яе словах, у некаторых класах Старых Дарог 90% вучняў носяць піянерскі гальштук штодня. «А ў сельскіх — 100%! Там прасцей пракантраляваць», — дадае аўтарка праекта.
Сума гранта, праўда, невялікая. Летась гэта было 500 рублёў.