У Мінску замест металічных платоў будуць высаджваць агароджы з кустоў
Замест металічных платоў у Мінску пачнуць прымяняць жывыя агароджы. Пра гэта паведаміў на пасяджэнні ў Мінгарвыканкаме намеснік старшыні Аляксандр Дараховіч, пішуць Мінск-навіны.
— Замест платоў будзем прымяняць жывыя загарадзі з кустоў, дзявочага вінаграда. Ужо вызначаны пералік вуліц, дзе высадзім расліны ў якасці агароджаў гэтай вясной, — сказаў А. Дараховіч.
Ён таксама дадаў, што ў цэлым у горадзе будуць больш узважана падыходзіць да агароджаў, завужэння праезнай часткі, уладкавання штучных няроўнасцяў. Рашэнні будуць прымаць толькі камісійна з улікам меркаванняў усіх бакоў.
На вуліцах, па якіх ездзіць грамадскі транспарт, спячых паліцэйскіх у прынцыпе быць не павінна.