Блішч — за Каліноўскага, Курэйчык — за Лукашэнку: як галасавалі за «Беларуса года»
by ЗПУ апошні дзень студзеня інтэрнэт-выданне naviny.by падвяло вынікі традыцыйнага апытання «Беларус 2019 года». Пераможцам сёлета стаў палітык, сустаршыня БХД Павел Севярынец. Дарэчы, гэта супала з меркаваннем рэдакцыі «Нашай Нівы», якая назвала людзьмі года Паўла і Ганну Севярынцаў.
У апытанні «Навінаў» удзел узялі больш за пяцьдзясят экспертаў. Цікава паглядзець, як размяркоўваліся галасы, хто за каго галасаваў і як тлумачылі ўласны выбар.
Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч паставіла на першы радок выдаўца дзіцячых кніжак, перакладчыцу са шведскай мовы Надзею Кандрусевіч-Шыдлоўскую. На другое — мастачку Зою Літвінаву, на трэцяе — феміністку Ірыну Саламаціну.
Былы рэдактар сайта onliner.by, медыяэксперт Дзяніс Блішч назваў беларусам года Кастуся Каліноўскага. «З матывацыяй, думаю, усё ясна», — адзначыў ён. Другое месца ад Блішча дасталося Максу Каржу, які сабраў стадыён «Дынама», а трэцяе — Марыі Васілевіч, бо «прыгожая».
Рэдактар часопісу Arche філосаф Валер Булгакаў адзначыў гісторыка, дэпутата парламента Ігара Марзалюка, бо 2019 быў для яго «годам галавакружных поспехаў». Другое месца ад філосафа дасталося Паўлу Севярынцу, але не за акцыі ў абарону незалежнасці, а за скандал у ПЭН-Цэнтры.
Каардынатарка «Лятучага ўніверсітэта» Таццяна Вадалажская ўбачыла вартым свайго рэйтынгу толькі метадолага Уладзіміра Мацкевіча, які «даносіць да грамадства пагрозы і не баіцца быць смешным ці памыліцца».
Пісьменнік Адам Глобус у сваім топ-3 назваў толькі жанчын: першае месца ён аддаў Таццяне Нядбай, якая «не дала разваліцца ПЭН-Цэнтру», другое — Вользе Кавальковай, якая «сваёй жаноцкасцю прасоўвала правыя ідэі больш паспяхова за мужыкоў», трэцяе — Таццяне Караткевіч.
Прадпрымальнік і грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч так размеркаваў галасы: 1) Ганна Севярынец; 2) Ганна і Віктар Шапуцькі, за абарону Курапатаў; 3) праціўнікі акумулятарнага завода ў Брэсце.
Кіраўнік федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі назваў Лукашэнку, бо нават «тыя, хто ў глыбокай апазіцыі, разумеюць, што краіна застаецца незалежнай дзякуючы яму». А вось на другое месца Дзевятоўскі паставіў Уладзіміра Караткевіча. «Караткевіч дапамагае нам адчуваць нашу самадастатковасць і шанаваць нашыя каштоўнасці», — сказаў спартсмен.
Цікавае спалучэнне атрымалася ў Кацярыны Дубінскай, рэдактаркі «Вячэрняга Мінска». На першае месца ў яе трапіў Кастусь Каліноўскі, а на другое — Міхаіл Мясніковіч. Вось і думай, што хочаш.
Галоўны рэдактар «Прэсбола» Сяргей Кайко адзначыў праціўнікаў акумулятарнага завода. А рэжысёр Андрэй Курэйчык паставіў на Аляксандра Лукашэнку як нечаканага змагара за незалежнасць Беларусі. Праўда, напрыканцы свайго адказу паставіў смайлік.
Кіраўнік Беларускай службы радыё «Свабода» Аляксандр Лукашук пасля Каліноўскага і Севярынца нечакана адзначыў прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза, які летась дастаткова недыпламатычна адказваў паслу Расіі Міхаілу Бабічу.
Праваабаронца-вясновец Валянцін Стэфановіч адзначыў удзельніцу парламенцкіх выбараў Алану Гебрамарыям.
«Наталля Качанава — першая жанчына, якая ўзначаліла Савет Рэспублікі. Гэта вялікае дасягненне», — патлумачыў свой выбар Мікалай Чаргінец, кіраўнік дзяржаўнага Саюза пісьменнікаў. Старшыня Паралімпійскага камітэта Алег Шэпель таксама назваў Наталлю Качанаву, але яшчэ за працу ў Адміністрацыі прэзідэнта.
Нарэшце Станіслаў Шушкевіч назваў толькі прозвішча Паўла Севярынца. Цікава, чаму не Сяргея Чэрачня, якому перадаў сваю партыю.