Wir.by: з'явіўся партал з лекцыямі, моднымі падкастамі і цікавосткамі па-беларуску
by NN.by«Беларуская культура нярэдка ўспрымаецца ізалявана ад сусветнага і еўрапейскага кантэксту. Мы хочам гэта змяніць», — тлумачаць сваю звышзадачу стваральнікі новай адукацыйнай платформы wir.by. Праект стаў фіналістам 12-га конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend.
Што цікавага будзе з'яўляцца на гэтым сайце? Лекцыі навукоўцаў і даследчыкаў у відэа і падкастах, артыкулы, гульні і спецпраекты пра гісторыю, лінгвістыку, літаратуру, мастацтва і міфалогію. Сярод асноўных тэмаў новага адукацыйнага партала — лінгвістыка, літаратура, жывапіс, гісторыя, міфалогія, архітэктура і кіно.
Ужо можна праслухаць сюжэт Ганны Севярынец пра тое, у якіх умовах Уладзімір Дубоўка перакладаў Шэкспіра, разабрацца, як зразумець Кафку (тут вам дапаможа кандыдат філалагічных навук Наталля Ламека), упэўніцца, што графіці — гэта таксама мастацтва (калі вы сумняваліся, вас пераканае Арцём Суслаў).