Севярынец: На гэтым этапе інтарэсы Лукашэнкі і беларускага народа супалі

by
Лідар хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец быў арганізатарам вулічных акцыяй у падтрымку незалежнасці Беларусі 7-8 снежня (першы дзень і другі дзень). У кожны з дзён каля тысячы ўдзельнікаў прымалі ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах і шэсцях. «НН» распытала Севярынца пра вынікі і наступствы гэтых мерапрыемстваў.
https://nn.by/img/w924d4/photos/z_2019_12/sieviaryniec4-2ib2m.jpg

«Наша Ніва»: Тысяча ўдзельнікаў — гэта многа ці мала?

Павел Севярынец: Тысяча ўдзельнікаў несанкцыянаванага пратэсту пасля дваццаці пяці гадоў рэжыму — нямала. Тым больш асноўную частку пратэстоўцаў склала бясстрашная моладзь. Але для абароны незалежнасці і здабыцця свабоды патрэбныя нашмат больш масавыя пратэсты. Гледачоў стрымаў — сотні тысячаў. Тых, хто за незалежнасць — яшчэ больш. Гатоўнасць далучацца абмяжоўваецца узроўнем страху і адчуваннем вастрыні пагрозы. Калі б Лукашэнка і Пуцін працягнулі перамовы ў Маскве на вуліцы была б шматтысячная маніфестацыя. Думаю, ў канцы снежня выйдзе больш людзей [згодна з патрабаваннямі заканадаўства «НН» не называе дату, час і месца правядзення наступнай акцыі — Рэд.]

«НН»: Вы задаволеныя акцыяй?

ПС: Казаць пра задавальненне тут не выпадае. Пагроза нікуды не знікла, яна проста адкладзеная. Але адначасова ёсць рэчы, якія натхняюць. Найперш — моладзь, 70-80% удзельнікаў.

Пакаленне незалежнасці, нарэшце яно пачынае праяўляцца. Пазітыўны настрой. Творчасць вольных людзей. Не было затрыманняў. Гук, рух і энэргетыка акцыяў — яны мне нагадалі пратэсты 1996-1997 гадоў, дух барацьбы за волю, дух «Маладога Фронту». Нарэшце, Мінск і бел-чырвона-белыя сцягі — гэта проста прыгожа глядзіцца. Незалежнасць — яна прыгожая. Бог даў нам два дні мяккай еўрапейскай зімы, часам нават з сонцам.

«НН»: Ці атрымалася дасягнуць запланаванага эфекту?

ПС: Пакуль Беларусь канчаткова не здалі. Якая ў гэтым роля пратэсту? Магчыма, чыста сімвалічная.

Але беларусам трэба зразумець: калі мы не станем сілай на сваёй зямлі, калі не будзем выяўляць сваёй адказнасці за Беларусь у мужных учынках і еднасці — здадуць і з’ядуць. Галоўнае — наперадзе.

«НН»: Як думаеце, Лукашэнка скарыстаў гэтую акцыю ў сваіх мэтах падчас перамоваў з Пуціным?

ПС: На нейкім этапе асабістыя інтарэсы Лукашэнкі і інтарэсы беларускага народа супалі. Незалежнасць для яго — шырма, за якую зручна схавацца. Дапускаю, што Лукашэнка скарыстаў пратэсты як пэўны сігнал і для народу, і для Расеі, і для Захаду. Але мы павінныя разумець: пагроза аншлюсу ў значнай ступені створаная Лукашэнкам і яго сістэмай.

Ён 25 гадоў паслядоўна таптаў беларускасць і адчыняў дзверы русіфікацыі, ён уцягнуў нас у адсталы і згубны для Беларусі Таёжны саюз, ён пастаянна ладзіў вайсковыя вучэнні з Крамлём, ён гробіў падмуркі палітычнай, эканамічнай, культурнай, інфармацыйнай незалежнасці. І цяпер пратэстоўцы падыходзяць да амбасады Расеі, а там — АМАП, аўтазакі, калона аўтобусаў са спецназам. Гэта ўсё вельмі паказальна. З яго боку ідзе гульня на ўсіх франтах. Дык вось, каб намі не гулялі, каб мы на сваёй зямлі паставілі на месца і Крэмль, і такіх вось гульцоў — нас павінна быць нашмат больш. Мы, беларусы, мусім быць сілай.

«НН»: У інтэрнэце ўжо можна пачуць, што ўдзельнікі падыгралі Лукашэнку, вы з гэтым не згодныя? Чаму не затрымлівалі людзей?

ПС: Людзей на пратэстах не затрымлівалі, бо інакш Лукашэнка трапляе паміж двух агнёў: з Расеяй не дамовіўся, а незалежнікаў разганяе. Яшчэ прычына: Беларусь нібыта «донар стабільнасці у Еўропе», хапун разбурыў бы дэкарацыю, над якой Макей працаваў гадамі. Больш за тое, Лукашэнка губляе глебу пад нагамі сярод абывацеляў. Людзі незадаволеныя ўзроўнем жыцця. Так званыя «парламенцкія выбары» паказалі: недавер да яго сістэмы блізкі да крытычнага, і ў такой сітуацыі хапаць ды біць — можа спрацаваць эфект даміно. А скарыстацца можа Расея. Ні пра якое падыгрыванне рэжыму няма гаворкі — той, хто глядзеў стрымы, выразна чуў, што казалі і гукалі. Праз пратэсты ідзе спроба нарошчвання ўласнай беларускай сілы, бо калі няма свабодных выбараў, беларусам застаецца масавая культурная праца ды вуліца.

«НН»: Чаму не атрымалася дасягнуць згоды з большай колькасцю апазіцыйных партый і арганізацый адносна акцый 7-8 снежня?

ПС: Насамрэч, на пратэстах былі Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Лявон Баршчэўскі, Пятро Садоўскі, Алесь Марачкін, Ніна Багінская — постаці нацыянальнага маштабу. Удзельнічалі і БХД, і «Еўрапейская Беларусь», і «Народная Грамада» Статкевіча, і Рух салідарнасці «Разам», і «Малады Фронт», і сябры КХП-БНФ, і Партыі БНФ, і АГП, сацыял-дэмакраты і прадстаўнікі «Свежага ветру», і Юрась Губарэвіч, і Мікалай Казлоў, і Павел Белавус, і Эдуард Пальчыс, багата блогераў ды шмат людзей з рэгіёнаў.

Папярэдне мы не раз размаўлялі з калегамі-партыйцамі пра 7-га. Але несанкцыянаваная акцыя — гэта заўсёды рызыка, за адзін пост у фэйсбуку партыйнаму лідару можна паехаць на 15 сутак. Магчыма, сесці ўсім не мела сэнсу.

Але цяпер відавочна, што патрэбнае напружанне ўсіх беларускіх сілаў, якія ёсць, і не толькі да наступнай акцыі, але і для шырокай кампаніі за незалежнасць. Таму ў гэтую сераду мы збіраемся разам — партыйцы, прадстаўнікі рухаў, блогеры, інтэлігенцыя — каб далей каардынаваць змаганне за незалежнасць разам.