Аднойчы ў Столінскім раёне: пара адмовілася піць з сябруком, а той збіў іх і звязаў фіранкамі

by
Здарэнне адбылося ў вёсцы Хатомель Столінскага раёна яшчэ ў кастрычніку, паведамляе прэс-служба МУС.

Гаспадары хаты ўжо спалі, калі пачулі, як нехта вырваў металічную клямку дзвярэй. Няпрошаным госцем апынуўся знаёмы, які шукаў кампанію выпіць гарэлкі.

Пара адмовілася ладзіць застолле і папрасіла аднавяскоўца сысці. Замест гэтага сусед пачаў лаяцца, а затым і зусім збіў мужчыну, які спрабаваў яго выправадзіць. Гаспадыня хацела абараніць каханага, аднак у выніку абодва апынуліся на падлозе, са звязанымі рукамі і нагамі. У якасці падручных сродкаў падазраваны выкарыстаў фіранкі і кавалак шпагату. Перад сыходам ён збіў звязанага мужчыну гумовым шлангам, які знайшоў у двары.

У той жа вечар хуліган быў затрыманы. З яго слоў, на злачынства ён рашыўся з-за моцнага ап'янення і адмовы пацярпелых выпіць з ім.