За сістэматычны падман Расію на чатыры гады адхілілі ад Алімпіядаў і чэмпіянатаў свету
by NN.byВыканкам Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) аднагалосна прыняў рэкамендацыю камітэта арганізацыі пазбавіць Расійскае антыдопінгавае агенцтва статусу адпаведнасці Сусветнага антыдопінгавага агенцтву і пазбавіць Расію на чатыры гады права ўдзельнічаць у буйных спартыўных міжнародных мерапрыемствах, у лік якіх уваходзяць Алімпіяды і чэмпіянаты свету. Пра гэта паведамляе прэс-служба WADA, піша ТАСС.
«Рэкамендацыя камітэта па адпаведнасці была ўхвалена адзінагалосна», — сказана ў паведамленні.
Акрамя таго, Расія на чатыры гады пазбавіцца права прымаць чэмпіянаты свету і падаваць заяўкі на іх правядзенне, таксама выканкам WADA ўвёў чатырохгадовую забарону на наведванне міжнародных спартыўных мерапрыемстваў расійскімі дзяржслужачымі і кіраўніцтвам Алімпійскага камітэта Расіі (АКР) і Паралімпійскага камітэта Расіі (ПКР).
Нагадаем, што камітэт па адпаведнасці WADA 25 лістапада рэкамендаваў адмовіць расіянам у допуску на міжнародныя спаборніцтвы ў наступныя чатыры гады, а таксама забараніць Расіі прымаць міжнародныя турніры на сваёй тэрыторыі. Рашэнне ў арганізацыі патлумачылі парушэннем Масквой антыдопінгавых правілаў, у прыватнасці маніпуляцыямі з допінг-пробамі Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі за перыяд з 2012 па 2015 г. Аб маніпуляцыях з допінг-пробамі раней распавёў кіраўнік РУСАДА Юрый Ганус. Змены, паводле яго слоў, уносіліся ў снежні 2018 г. i студзенi гэтага года, калі лабараторыю кантраляваў Следчы камітэт Расіі напярэдадні перадачы базы звестак экспертам WADA.
Пазней Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў, што адказнасць за захаванасць звестак лабараторыі ляжала на расійскіх уладах, а значыць, менавіта яны адказныя за магчымыя маніпуляцыі. У той жа час МАК адзначыў, што спартыўны рух, у тым ліку Алімпійскі камітэт Расіі (АКР) і яго члены, не ўдзельнічалі ў гэтым. Таму МАК падтрымаў ідэю дазволіць «чыстым» спартсменам, не абвінавачаным ва ўжыванні допінгу, выступаць пад нейтральным сцягам, дадаюць vedomosti.ru